Каб перавезці зубра з калгаснага статка ў сафары-парк, запрасілі спецыяліста з Якуціі і стварылі камісію з 26 чалавек
У Браслаўскім раёне летась зубр выйшаў з лесу і прыбіўся да статка кароў ААТ «Друйскі». На мінулым тыдні ляснога асілка перавезлі ў сафары-парк «Мякяны», дзе ён будзе жыць з іншымі жывёламі. Але ўсё гэта каштавала немалых высілкаў, бо давялося правярнуць цэлую аперацыю.
20.10.2023 / 12:58
Фота: braslav-star.by
Улетку 2022 года падчас выпасу быдла лясны госць пастаянна вандраваў у гаспадарцы ад аднаго статка да іншага — відаць, шукаў такіх жа зуброў, каб не жыць у самоце, піша Браслаў.online.
Спачатку дзікая жывёла была спакойнай, асабліва не дакучала людзям, хоць пастухі і даяркі асцерагаліся такога суседа і заўсёды трымалі дыстанцыю.
Сёлета волат набраў яшчэ больш масы, яго характар стаў больш агрэсіўным. Асабліва пастухам ён увесь час дадаваў праблем.
Рэч у тым, што зубр мог сысці са статка, напрыклад, сярод ночы, абарваўшы пры гэтым дрот электрапастуха і зрабіўшы ход для кароў, якія адразу ж пачыналі разыходзіцца па акрузе. Пільнаваць неабходна было і днём, і ноччу.
Часам у дойным статку госць ладзіў сапраўдны мяцеж і не даваў даяркам рабіць сваю працу: адганяў іх, быкаваў, аднойчы нават пацярпела дойная карова.
Каб дзікі звер не прычыніў шкоду здароўю работнікаў сельгаспрадпрыемства і жыхарам вакольных вёсак, у райвыканкаме была створана камісія з 26 чалавек, якая вырашала складаную задачу. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка ўзяў справу пад асабісты кантроль.
У выніку было прынята рашэнне аб транспарціроўцы зубра ў сафары-парк Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» ў Мякянах. На правядзенне аперацыі з бюджэту выдзелілі 1800 рублёў.
Тамтэйшыя спецыялісты распачалі некалькі спроб транспартаваць зубра на новае месца пражывання, але штораз цярпелі няўдачу.
У нацпарку зварылі велізарную клетку, але проста хітрасцю змясціць у яе звера не ўдавалася. Па словах галоўнай ветдоктаркі Браслаўскага раёна Алены Шакель, аказалася, што прэпарат для нейтралізацыі буйной рагатай жывёлы на зубра не дзейнічае. Тады было прынята рашэнне прасіць дапамогі ў іншых спецыялістаў.
Ветстанцыя адправіла больш за 40 лістоў у розныя запаведнікі і арганізацыі па аказанні дапамогі жывёлам, але адусюль атрымала адмову. У асноўным пісалі, што не маюць досведу працы з зубрамі.
У Смаленскім нацыянальным парку распавялі, што ў Расіі ёсць ветэрынар, які займаецца такімі выпадкамі. У браслаўчан удалося звязацца з маскоўскім спецыялістам, які, нягледзячы на сваю занятасць і знаходжанне на той момант у Якуціі, пагадзіўся прыехаць і дапамагчы.
Фота: braslav-star.by
Дату аперацыі прызначылі загадзя. Клетка для жывёлы была падагнаная па яго памерах, сабрана неабходная тэхніка, набор спецыялістаў, кожны з якіх ведаў сваю задачу.
Зубр знаходзіўся ў статку. Ветдоктарка прыняла рашэнне ўводзіць прэпарат некалькімі порцыямі, каб не нашкодзіць здароўю жывёлы. Першы стрэл спецыяльным дроцікам захістаў дзікага звера, але не зваліў з ног. Тады ў справу пайшла другая порцыя — і зубр упаў. Жывёла была знерухомленая, яго вочы закрылі тканінай, каб не палохаць.
З дапамогай лябёдкі, некалькіх чалавек і спецыяльных прыстасаванняў звера зацягнулі ў клетку, і як толькі яе дзверы зачынілі, ветэрынар увёў жывёле антыдот і паставіў кропельніцу для падмацавання яго арганізма. Зубр на вачах стаў падымацца.
З дапамогай машыны «Амкадора» клетку паставілі на аўтамабіль для перавозкі і, не спяшаючыся, павезлі ў сафары-парк. Тут вялізнага звера выпусцілі, і ён хутка ўцёк у лес.
Падчас правядзення аперацыі па мабілізацыі і транспарціроўцы ветслужба правяла невялікае абследавання дзікай жывёлы і высветліла, што зубру, хутчэй за ўсё, 8 гадоў, а аналізы паказалі, што ён здаровы.
Чытайце таксама:
Каля Палаца Незалежнасці паставілі статую зубра