Вядоўца «Салаўёў Live» назваў прэс-сакратара МЗС Расіі «шмарай, якая моцна выпівае». Салаўёву прыйшлося выбачацца

Яўген Сатаноўскі вёў на «Салаўёў Live» аўтарскую перадачу «Армагедоныч». Яго прадстаўлялі як эксперта па ізраільскай і блізкаўсходняй палітыцы, піша «Медуза».

21.10.2023 / 12:08

Марыя Захарава. Фота: Contributor / Getty Images

17 кастрычніка на ютуб-канале журналіста Аляксандра Вальдмана выйшла інтэрв'ю Сатаноўскага, у якім ён, у прыватнасці, заявіў, што «намеснік міністра замежных спраў Міхаіл Багданаў бухаў як не ў сябе».

Пра афіцыйную прадстаўніцу МЗС РФ Марыю Захараву Сатаноўскі сказаў, што яна «ў прынцыпе габрэяў не асабліва любіць, а Ізраіль цярпець не можа і асабліва гэтага не хавае», і назваў яе шмарай, якая «моцна выпівае».

Гэты фрагмент інтэрв'ю Сатаноўскага распаўсюдзіўся ў сацсетках. Сёння ў тэлеграм-канале Уладзіміра Салаўёва з'явілася відэа, на якім ён, стоячы ў камуфляжы, выбачаецца перад Захаравай і Багданавым і абвяшчае пра звальненне вядоўцы:

«Я хацеў бы прынесці свае прабачэнні МЗС РФ і надзвычайным і паўнамоцным паслам спадару Багданаву і спадарыні Захаравай за абсалютна несправядлівае па змесце і недапушчальнае па форме выказванне, дапушчанае супрацоўнікам нашага канала Яўгенам Янавічам Сатаноўскім.

Яўген Янавіч Сатаноўскі некалькі дзён таму ў гутарцы з ізраільскім журналістам на яго ютуб-канале, каментуючы сітуацыю на Блізкім Усходзе, абразіў як гэтых паважаных дыпламатаў, так і Міністэрства замежных спраў, у выніку чаго я не бачу магчымасці працягваць прафесійныя адносіны з Яўгенам Янавічам і прыняў рашэнне аб звальненні Сатаноўскага з нашага канала».

Nashaniva.com