У Оршы пабудуюць грандыёзны вайскова-патрыятычны цэнтр для дзяцей і моладзі
Вайскова-патрыятычны цэнтр плануюць размясціць у канцы вуліцы Уладзіміра Леніна. Гэта адна з галоўных аршанскіх вуліц, якая вядзе з цэнтра ў бок Віцебска. На сайце Аршанскага райвыканкама абвешчана грамадскае абмеркаванне праекта.
21.10.2023 / 15:35
Фота: orsha.vitebsk-region.gov.by
Практычна на гарадской ускраіне, на незабудаванай пустцы, мае размясціцца цэлы комплекс будынкаў на плошчы каля 3 га. Адначасова займацца ў цэнтры змогуць каля 100 навучэнцаў.
У вайскова-патрыятычным цэнтры, аналагаў якому няма ў Віцебскай вобласці, а магчыма, і ва ўсёй Беларусі, збіраюцца праводзіць «падрыхтоўчыя заняткі з дзецьмі і моладдзю Аршанскага раёна, а пры неабходнасці, з тэрытарыяльнымі войскамі раёна, супрацоўнікамі РУУС, ГРАНС, вайсковымі камісарамі раёнаў Віцебскай вобласці», піша «Аршанская газета».
Месца пад будаўніцтва. Фота: https://www.orshanka.by/
Апроч гэтага, там будуць аказваць і камерцыйныя паслугі грамадзянам — па навучанні стральбе са стралковай і паляўнічай зброі. Для адпрацоўкі гэтага навыку ў галоўным будынку будзе размешчаны цір з дыстанцыяй стральбы на 10, 25, 50, 100, 150 метраў, таксама ў ім будуць навучальныя кабінеты і адміністрацыйныя памяшканні.
Фота: orsha.vitebsk-region.gov.by
На тэрыторыі цэнтра, паводле праекта, абсталююць КПП, майстэрню, пляц, тактычнае поле з паласой перашкод і дзве аўтамабільныя паркоўкі (для наведвальнікаў цэнтра і для службовага аўтатранспарту). Прадугледжана і ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Фота: orsha.vitebsk-region.gov.by
Новы аб'ект, які мае поўную назву «Установа адукацыі «Аршанскі вайскова-патрыятычны цэнтр для дзяцей і моладзі», мае з'явіцца ў Оршы праз 15 месяцаў. У апісанні праекта гаворыцца, што ён распрацаваны «на аснове ўказа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №160 «Аб развіцці вайскова-патрыятычных клубаў».
Фота: orsha.vitebsk-region.gov.by
Менавіта ў Оршы быў створаны адзін з першых у Беларусі вайскова-патрыятычных клубаў — праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб «Русічы». Яго стварыў 35 гадоў таму пры Аршанскім політэхнічным каледжы нязменны кіраўнік Рыгор Шарай, вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі. Клуб «Русічы» ствараўся як пошукавы, але потым, паводле сучаснай ідэалагічнай моды, стаў «вайскова-патрыятычным» і «праваслаўным».
Чытайце таксама:
«Адважна выйшлі на перадавую»: як «Патрыёты Беларусі» вучаць школьнікаў любіць краіну