Затрымалі адміністратара канала «Салідарнасць Івацэвічы», ён у СІЗА

Набліжаны да сілавікоў рэсурс заяўляе, што адміністратар «прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем тэлеграм-канала «Салідарнасць Івацэвічы», знаходзіцца ў СІЗА. Сцвярджаецца, што ён прызнаны падазраваным па крымінальнай справе па ч.1 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, а роўна фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзяць у яго структурным падраздзяленнем), піша Reform.by.

21.10.2023 / 16:05

Пра затрыманне мужчыны стала вядома 19 кастрычніка з запісанага сілавікамі відэа. На ім затрыманы кажа, што яго завуць Віталь Пятровіч. Паводле яго, у 2020 годзе ён дапамагаў у зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, на відэа дэманструецца пасведчанне сябра яе ініцыятыўнай групы.

Аўтары канала сцвярджалі, што Віталь нібыта адпраўляў інфармацыю «экстрэмісцкім фарміраванням», прыняў удзел у плане «Перамога», а таксама ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Мінску. Але сярод гэтых стандартных для многіх затрыманых абвінавачанняў было і зусім экзатычнае: маўляў, Пятровіч вазіў да мяжы мігрантаў з Турцыі.

Санкцыя артыкула, які інкрымінуецца Віталю Пятровічу, прадугледжвае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Піцаёла з Гродна асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за заклікі да масавых беспарадкаў

Замест святкавання юбілею — за краты. Віцяблянка Людміла Камінская сустрэла сваё 60-годдзе ў ІЧУ

У Слоніме настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне кнігі па гісторыі

Nashaniva.com