Прэзідэнт Кыргызстана напісаў пышную падзяку Лукашэнку за «строгае даручэнне», «асабісты кантроль» і «якасны» рамонт верталёта
Аляксандр Лукашэнка асабіста кантраляваў «вельмі якасны» рамонт кыргызстанскага верталёта МІ-8МТВ-1. Прынамсі, так напісаў у сацсетках прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, які па-ўсходняму шчодра падзякаваў Лукашэнку за рамонт верталёта ў Беларусі.
22.10.2023 / 13:34
Адрамантаваны ў Беларусі верталёт. Фота: aparov.sadyr / Facebook
Паводле Жапарава, у 2016 годзе Расія перадала Кыргызстану верталёт Мі-8МТВ-1.
«Але, на жаль, роўна праз год, у 2017 годзе, гэты верталёт зламаўся, і з розных прычын заставаўся ў няспраўным стане да гэтага часу», — піша Жапараў.
Але праз шэсць гадоў «спецыялісты змаглі ўстанавіць», што верталёт можна адрамантаваць.
І вось, як піша Жапараў, «дзякуючы лідару Рэспублікі Беларусь, там быў зроблены капітальны рамонт верталёта».
«У сувязі з гэтым хацеў бы выказаць глыбокую ўдзячнасць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён неадкладна адрэагаваў на нашу просьбу. Прэзідэнт Лукашэнка ўзяў пад асабісты кантроль правядзенне рамонту нашага верталёта, з усёй строгасцю даручыўшы адпаведным спецыялістам якасна выканаць усе работы. Трэба прызнаць, што беларускія спецыялісты правялі рамонт вельмі якасна», — напісаў Жапараў.
«Яшчэ раз хачу выказаць падзяку лідару Беларусі. Дай Божа, каб гэты верталёт яшчэ паслужыў нашай дзяржаве», — не спыняецца Жапараў.
Акрамя таго, ён падзякаваў прэзідэнту Узбекістана.
«Брацкая Рэспубліка Узбекістан перадала Кыргызскай Рэспубліцы ў якасці бязвыплатнай гуманітарнай дапамогі вайсковы верталёт Мі-8МТВ. Усё гэта, вядома ж, стала магчымым пры падтрымцы і кантролі прэзідэнта Узбекістана, паважанага Шаўката Мірзіёева. У сувязі з гэтым выказваю глыбокую падзяку Шаўкату Мірамонавічу.
Такім чынам, парк вайсковых паветраных суднаў Кыргызстана папоўніўся яшчэ двума верталётамі», — напісаў Жапараў.