Беларусаў з сектара Газа не могуць эвакуяваць

Няма гуманітарнага калідора для эвакуацыі з Газы ў бок Егіпта, таму пакуль не ўдаецца вывезці адтуль беларускіх грамадзян. Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб'ёў дадаў, што для арганізацыі гэтага зроблена ўсё, што ў сілах дыпламатаў.

22.10.2023 / 20:13

Газа, 22 кастрычніка 2023 года. Фота: Anadolu Agency / Contributor / Getty Images

«Думаю, што гэтая праца ўвянчаецца поспехам», — прыводзіць яго словы БелТА.

Вараб'ёў паведаміў, што на гэты момант вядома аб трох загінулых грамадзянах Беларусі, двое з якіх загінулі на поўдні Ізраіля ў першыя дні канфлікту. Яшчэ адна беларуская грамадзянка была цяжка параненая ў выніку прамога трапляння ракеты ў жылы дом. Тыдзень таму яна памерла ў бальніцы. Яе цела пры садзейнічанні пасольства было дастаўлена ў Беларусь для пахавання.

Таксама вядома пра гібель трох выхадцаў з Беларусі, якія былі грамадзянамі Ізраіля і даўно жылі на яго тэрыторыі.

Раней было вядома пра гібелі 25-гадовай Алены Астапенка, якая нарадзілася ў Рэчыцы і працавала ў паліцыі, а таксама следчага Віталя Карасіка, які паходзіў з Магілёва.

Міжнародны аэрапорт Ізраіля працягвае працаваць, і кошт квіткоў ужо паменшаў, адзначыў пасол.

У дыпмісіі таксама вядуць улік усіх грамадзян на выпадак з'яўлення больш зручнага і хуткага варыянта вярнуцца ў Беларусь. Яўген Вараб'ёў адзначыў, што, нягледзячы на атрыманы дазвол ізраільскага боку, санкцыі не даюць «Белавіі» рэалізаваць прамы рэйс з Ізраіля ў Беларусь.

Nashaniva.com