«Дэлегацыя з Экватарыяльнай Гвінеі каштавала нашу смятану — яны былі проста зачараваны». Міністр пра планы на беларускую малочку

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ расказаў, куды плануюць пастаўляць айчынную малочную прадукцыю.

22.10.2023 / 23:42

Чыноўнік у эфіры СТБ адзначыў, што малочная галіна асабліва не адчула ўплыў санкцый. Прыярытэтным рынкам для рэалізацыі мяса-малочнай прадукцыі застаецца расійскі. Але ёсць пастаўкі і ў Кітай, і ў Кубу. Там цікавяцца беларускімі сырамі, маслам, сухім малаком.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. Скрын відэа СТБ

«Вось нядаўна была дэлегацыя з Экватарыяльнай Гвінеі. Дык яны калі каштавалі нашу смятану — яны былі проста зачараваны. Яны проста не ўяўлялі, што такі смачны можа быць прадукт», — пахваліўся міністр.

Ён дадаў, што ў Кубе яны плануюць адкрыць лінейку па вытворчасці і па перапрацоўцы прадукцыі сухога малака.

«Экватарыяльная Гвінея хоча і перапрацоўваць нашу прадукцыю, і атрымліваць цэльнамалочную. Яны самалётамі дастаўляюць з Еўрасаюза. А мы ведаем, якія цэны на еўрапейскім малочным рынку і якія ў нас», — сказаў Барташ.

Nashaniva.com