На межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй загінулі тры мігранты
Паводле інфармацыі Polskie Radio Białystok, якое спасылаецца на кіраўніка Гайнаўскай раённай пракуратуры Яна Андрэйчука, гаворка ідзе пра мігрантаў, якія нелегальна пракраліся з Беларусі ў Польшчу.
23.10.2023 / 16:04
Сцяна на мяжы Беларусі з Польшчай. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Agnieszka Sadowska
22 кастрычніка памежны патруль пераследаваў групу іншаземцаў, якая трапіла ў краіну праз пралом у загародзе на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Адзін з мігрантаў праваліўся ў балота, але хоць яго і ўдалося выцягнуць, ён памёр да прыбыцця хуткай дапамогі. Малады чалавек, выхадзец з нейкай афрыканскай краіны, быў «змучаны і лёгка апрануты».
Акрамя таго, раніцай 23 кастрычніка ахова чыгункі знайшла труп маладога чалавека каля рэек у раёне населенага пункта Дабравода (недалёка ад горада Кляшчэлі, побач з беларускай мяжой). Па словах кіраўніка раённай пракуратуры, «усё паказвае на тое, што гэта нелегальны мігрант з Блізкага Усходу».
Таксама ў суботу, 21 кастрычніка, загінула мігрантка на мяжы Беларусі з Латвіяй. Як паведамілі афіцыйныя крыніцы, беларускія памежнікі выявілі жанчыну афрыканскай знешнасці ў несвядомым стане каля брамкі ў латвійскай загародзе. Вайскоўцы, як сцвярджаецца, аказалі бежанцы першую дапамогу, аднак брыгада медыкаў, якая прыбыла, канстатавала смерць іншаземкі.
Чытайце таксама:
Польскі памежнік атрымаў траўму нагі праз атаку мігрантаў з беларускага боку
Еўрасаюз вызначыўся, як будзе змагацца з вялікай колькасцю ўцекачоў
Рэферэндум у Польшчы наконт сцяны на мяжы з Беларуссю праваліўся