Беларуса затрымалі за замах на расійскага вайскоўца ў Крыме, у яго знайшлі сховішча з выбухоўкай — медыя

Замах адбыўся 23 верасня ў Джанкое — «Шэўрале Авеа», які належыць вайскоўцу, узарвалі з дапамогай самаробнага выбуховага прыстасавання вагой 500 грам у тратылавым эквіваленце. 

24.10.2023 / 10:27

Пашкоджаны аўтамабіль. Фота: Baza

Следчы камітэт Расіі мяркуе, што да выбуху мог быць датычны 61-гадовы Вячаслаў Піскуноў — «грамадзянін Беларусі, зарэгістраваны ў Чэхіі, які пражывае ў Севастопалі», піша Baza.

Паводле «Базы», следчыя правялі ператрус у Севастопалі і знайшлі цэлы схрон, які належыць Піскунову: электрадэтанатары, амаль 2 кг гексагену, пісталет-кулямёт і 138 патронаў.

Паводле версіі СК, з наяўных кампанентаў 20 верасня мужчына сабраў самаробнае выбуховае прыстасаванне і ўсталяваў бомбу на машыну вайскоўца.

Піскуноў, паводле выдання, даў прызнальныя паказанні. Ён затрыманы. Як піша «База», на яго распачалі справу за спробу забойства, захоўванне выбуховых рэчываў і наўмыснае пашкоджанне маёмасці.

Nashaniva.com