Лі Шанфу афіцыйна зняты з пасады міністра абароны КНР. У жніўні ён прыязджаў у Мінск
Інфармацыя, што Лі Шанфу зняты з пасады і знаходзіцца пад следствам, з'явілася яшчэ ў верасні. Але афіцыйна кітайскія СМІ, як звычайна, гэтага не каментавалі.
24.10.2023 / 14:22
Аляксандр Лукашэнка і Лі Шанфу. Фота: president.gov.by
Міністр меўся прысутнічаць 7-8 верасня на штогадовым сходзе ў абаронным супрацоўніцтве В'етнама і Кітая, але за два дні адмовіўся ад паездкі «праз стан здароўя», распавялі крыніцы Reuters сярод в'етнамскіх чыноўнікаў.
Лі Шанфу заняў пасаду міністра абароны сем месяцаў таму — 12 сакавіка 2023 года.
Ён з 2018 года знаходзіўся пад амерыканскімі санкцыямі ў сувязі з купляй знішчальнікаў Су-35 і комплексаў C-400 у Расіі. Генерал быў блізкі да кітайскага лідара Сі Цзіньпіна. Гэтым тлумачыцца яго імклівае ўзыходжанне па кар'ернай лесвіцы.
Раней летам на публіцы доўгі час не з'яўляўся кіраўнік кітайскага МЗС Цынь Ган, гэта таксама тлумачылі «станам здароўя», пасля ўлады паведамілі, што таго знялі з пасады. Паводле адной з версій, прычынай стала рамантычная сувязь з ганконгскай тэлежурналісткай Фу Сяацянь.
Лі Шанфу прыязджаў 16 жніўня ў Мінск, і Лукашэнка нават назваў яго самай медыйнай асобай свету. Таксама кітайскі генерал сустракаўся з міністрам абароны Віктарам Хрэніным.