Беражы галаву. Шапкі ад беларускіх вытворцаў, у якіх будзе не толькі цёпла, але і прыгожа
Шапка — той аксэсуар, які павінен не толькі саграваць, але і ўпрыгожваць. Выбралі для вас файныя мадэлі, якія не захочацца здымаць.
14.01.2024 / 18:13
Мала хто любіць шапкі, і гэта цалкам зразумела — яны лёгка могуць сапсаваць нават самы стыльны лук. Але гэтай восенню нам не давядзецца ахвяраваць цяплом дзеля прыгажосці. Сабралі для вас наймаднейшыя галаўныя ўборы ад беларускіх дызайнераў.
Чэпчыкі ад Ксеніі Есіпавай
Фота: інстаграм брэнда
Вязаны чэпчык — піск асенне-зімовага сезона. Яго носяць як з класічнымі паліто, так і са спартыўнымі пухавікамі і курткамі. Плюс такога аксесуара — варыятыўнасць вобразаў, якія можна з ім рабіць. У завязаным выглядзе атрымаецца далікатны лук у стылі Джэйн Осцін, у развязаным — небяспечны гранж, як у Кейт Мос. Набыць такую прыгажость можна у дызайнеркі Ксеніі Есіпавай.
Шапкі з ражкамі ад Babyshka Rusalka
Фота: інстаграм брэнда
Шапкі з «ражкамі» ці «вушкамі», якія стварае брэнд Babyshka Rusalka, застаюцца ў модзе. Такая мадэль патрапіла ў трэнды пару гадоў таму і, верагодна, затрымаецца з намі яшчэ некалькі халодных сезонаў. Дызайнеры і стылісты прапануюць насіць такія са стрыманым верхам — аднатонным паліто або швэдарам, надзетым на падоўжаную кашулю. Акрамя гэтага, такі аксесуар прапануецца модніцам за 40 — у іх гардэроб такая шапка ўнясе крыху хуліганства.
Вытанчаны капялюшык ад Веры Скубаевай
Фота: інстаграм брэнда
Падабраць капялюшык, які будзе адпавядаць усім модным трэндам і лёгка ўпішацца ў сучасны гардэроб, — не лёгкая задача. На шчасце, дызайнерцы Веры Скубаевай удалося стварыць менавіта такую мадэль — не вычварную і ў меру крэатыўную. Каб вобраз зайграў, дадайце да яго тонкія скураныя пальчаткі.
Цёплыя шапкі ад Zimaby
Фота: інстаграм брэнда
Тым, каму хочацца нечага звыклага, падыдуць аб'ёмныя галаўныя ўборы ад Zimaby. Такія глядзяцца адчувальна лепш за звычайныя трыкатажныя шапкі: яны трымаюць форму і візуальна не дадаюць лішняга аб'ёму шчокам.
Балаклавы ад Шалік Бактус
Фота: інстаграм брэнда
Шапка, якая з'явілася ў нашых шафах дзякуючы фанацкаму руху ультрас, паспяхова заваёўвае свет моды. Асноўны плюс балаклавы ад брэнда Шалік Бактус — цеплыня і адсутнасць неабходнасці насіць швэдар з высокім горлам. Акрамя таго, такая шапка выдатна падыдзе інтравертам — у іх з'явіцца добрая падстава, каб не ўдзельнічаць у непатрэбных размовах.
Дарэчы, балаклава — не адзіны аксэсуар з фанацкага гардэроба, які перайшоў на модныя падмосткі. Зусім нядаўна з'явіўся новы трэнд — блоккор. Пра яго мы падрабязна расказвалі ў гэтым артыкуле.
Пацешныя шапкі ад Docker.head
Фота: інстаграм брэнда
Ад ветра такая шапка не абароніць, затое верхавіну сагрэе добра. Фішка мужчынскай мадэлі — папружка, якая рэгулюе памер, жаночай — пацешныя вушкі, якія нікога не пакінуць абыякавым. Купіць упадабаную шапку можна ў брэнда Docker.head.
Калі ў вашым шопінг-лісце значыцца яшчэ і паліто, зазірніце ў падборку верхняга адзення ад беларускіх дызайнераў — і стыльны восеньскі лук вам забяспечаны.