Пасол Расіі панаракаў, што ў Беларусі мала філіялаў расійскіх ВНУ
«Ёсць тыя ВНУ, якія хацелі б тут стварыць свае філіялы. Гэта было б абсалютна правільна», — мяркуе Барыс Грызлоў.
25.10.2023 / 14:19
Барыс Грызлоў. Фота: БелТА
У Беларусі можа з'явіцца больш філіялаў расійскіх ВНУ. Пра гэта журналістам паведаміў пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў перад XII форумам ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, піша БелТА.
«І ў Беларусі, і ў Расіі ёсць выдатныя ВНУ, у тым ліку ў напрамку прамысловасці, тэхналагічнага суверэнітэту. Хацелася б, каб доступ у гэтыя ВНУ быў роўным. Расія дае магчымасць беларускім студэнтам навучацца ў рамках урадавай квоты — гэта бясплатнае навучанне. На гэты год было дадзена 1300 месцаў. Таксама вучацца і расіяне ў беларускіх ВНУ. Хацелася б яшчэ разгледзець сёння і пытанні аб арганізацыі філіялаў расійскіх ВНУ на тэрыторыі Беларусі», — распавёў Барыс Грызлоў.
Пасол адзначыў, што ва Узбекістане працуюць 13 філіялаў расійскіх ВНУ, у Казахстане — 8, у Арменіі — 6, у Беларусі —толькі 2.
«У Саюзнай дзяржаве трэба выправіць гэты недахоп. Ёсць тыя ВНУ, якія хацелі б тут стварыць свае філіялы. Гэта было б абсалютна правільна. У беларускіх абітурыентаў папулярнымі з'яўляюцца такія расійскія ВНУ, як Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт, ён знаходзіцца на першым месцы па пажаданнях, таксама паступаюць у інстытут дакладнай механікі і оптыкі, у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт», — канстатаваў ён.
Барыс Грызлоў пракаментаваў і наяўнасць у Беларусі атамнай галіны.
«Ёсць інстытут МІФІ, які рыхтуе спецыялістаў-ядзершчыкаў, думаю, што туды павінны паступаць беларускія абітурыенты для таго, каб гэтая галіна была менавіта беларускай. Так што ў нас вельмі шмат пытанняў, якія мы хацелі б сёння абмеркаваць», — сказаў на заканчэнне пасол.