«Следчы ў мяне быў нармальны чалавек». Беларус на хатняй хіміі расказаў, як да яго ставіліся сілавікі
Максіма (імя зменена), як і многіх беларусаў, асудзілі за ўдзел у пратэстах па фота з мітынгу, знойдзеным у тэлефоне. Ён атрымаў хатнюю хімію і застаўся ў Беларусі. Максім расказаў блогу «Шуфлядка» пра тое, чаго больш за ўсё хацелася ў СІЗА і чаму ён добра адгукаецца пра супрацоўнікаў міліцыі і СК, з якімі перасекся пры затрыманні, у ізалятарах і на волі.
25.10.2023 / 23:14
Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона
«Фота не выдаляў — ставіўся да гэтага легкадумна»
Максіма затрымалі ў 2022 годзе па адміністрацыйнай справе, знайшлі ў тэлефоне фота з пратэстаў, распачалі крымінальную справу, змясцілі ў СІЗА.
«На той момант я не падазраваў, што гэта [фота] проста крыміналка і настолькі ўсё можа закруціцца. Трошкі пакаранне несувымернае з правінай», — кажа Максім.
Фатаграфій з пратэстаў Максім спецыяльна не выдаляў. Ён кажа, што «занадта легкадумна да гэтага ставіўся».
«Я лічыў, што ўсе гэтыя падзеі прайшлі. Калі б я быў нейкім завадатарам, агрэсіўным… Як па мне, маглі пакараць завадатараў, агрэсіўнага кагосьці. А простых удзельнікаў, якія выйшлі выказаць сваё меркаванне, — гэта проста перабор», — тлумачыць Максім.
На Акрэсціна ён правёў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля трапіў у следчы ізалятар — па крымінальнай справе аб удзеле ў мітынгах.
«Следчы таксама чалавек»
Стаўленне да сябе з боку міліцыі і следчых асуджаны называе адэкватным. Напрыклад, у ГУБАЗіКу супрацоўнікі размаўлялі з ім «без агрэсіі». Яны распытвалі пра пазіцыю Максіма і выказвалі сваю, паказвалі яму відэа з пратэстаў. Усе яны проста выконваюць сваю працу.
«Вось ёсць доказы ўсе. Быў? Быў. Калі яшчэ быў, ёсць нейкія фатаграфіі? Не, няма. Для іх гэта да 2022 года стала руцінай — сумна і нецікава».
У СІЗА Максіму хацелася даведвацца больш навінаў з волі. Тады ўжо ішла поўнамаштабная вайна ва Украіне, таму ён распытваў новых суседзяў у тым ліку аб тым, што адбываецца на фронце.
Сярод яго сукамернікаў былі і абвінавачаныя ў незаконным абароце наркотыкаў.
«Што там наогул адбываецца ў свеце? Што на вайне ва Украіне? Даляр расце? Кошты растуць, падаюць? А чалавек кажа: «Я нічога не ведаю». Я пытаюся: «Колькі малако каштуе?» Я не ведаю, кажа. «Ты ў краму ходзіш?» Я нічога не ведаю. Я ведаю, колькі наркотыкі каштуюць, мне кайфова».
Навіны ён даведваўся ў тым ліку ад адваката, сукамернікаў, якім давалі спатканні з блізкімі, і нават следчага. Максім кажа, што той мог расказаць пра «чалавечыя рэчы».
«Зразумела, што не ўсё раскажа, але хаця б банальна мог сказаць: «На вуліцы цяпер добра, даляр столькі і столькі». Асабліва калі ты сядзіш у падвале, блін, з якога не відаць нават сонейка. Не тое, што сонейка, наогул нічога не відаць. Адтуліну з палец памерам у дыяметры, блін. Але ўсе мы людзі. І следчы таксама чалавек. Прынамсі, у мяне быў нармальны чалавек».
Максім расказвае, што адзін з ягоных сукамернікаў-палітвязняў еў толькі тую ежу, якую давалі ў СІЗА. Ад пачастункаў з перадач, якімі дзяліліся іншыя зняволеныя, ён адмаўляўся. «Трэба рыхтаваць сябе да калоніі», — тлумачыў ён.
«Там людзі сядзяць, якія дакладна сябе рыхтуюць, што пяць гадоў давядзецца «крэпануць» у калоніі», — працягвае Максім.
Хатняя хімія — не страшна
Суд прайшоў у Максіма «стандартна»: пракурор запытаў тэрмін, суддзя прызначыў роўна такі ж. Беларус атрымаў хатнюю хімію.
Згодна з умовамі такога пакарання, Максім павінен быў уладкавацца на працу. Па многіх вакансіях яму адмаўлялі з-за прысуду. Пазней атрымалася ўладкавацца ў невялікую кампанію простым работнікам. Інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі, якога замацавалі за Максімам, дазволіў яму некалькі разоў на тыдзень хадзіць на адукацыйныя курсы.
Беларус кажа, што самае складанае на хатняй хіміі — гэта тое, што няможна з'ездзіць у госці да сяброў, сваякоў, падарожнічаць. Тое, што даводзіцца сядзець дома на выхадных і ўвечары, не складае яму нязручнасцяў.
«Хатняя хімія страшная для людзей, якія зладзюжкі, п'яніцы і хуліганы, якім няма чаго рабіць, якія дадому не хочуць ісці, таму што там у іх сям'я. А ім цікава дзесьці пад плотам папіць «чарніла». Вось для іх хатняя хімія — гэта вельмі строгае пакаранне, таму што сябры пад тым жа плотам працягваюць «чарніць», а яму нельга».
Чытайце таксама:
«Сама юрыстка, і дзеліцца ведамі з новымі сяброўкамі». Алена Гнаўк у калоніі стараецца не сумаваць
Андрэй Дзмітрыеў у калоніі вучыцца пісаць левай рукой і вучыць іспанскую мову