Як не пераесці інфармацыі? Разважае псіхолаг

Калі вы бескантрольна седзіце ў навінах або сацсетках, ці думалі вы, што гэта можа несці шкоду? Разам з псіхолагам Наталляй Скібскай расказваем, як зразумець, што ў вас перадазіроўка інфармацыяй і што з гэтым рабіць.

07.11.2023 / 09:39

«Лішак інфармацыі часта толькі ўзмацняе трывожнасць і выклікае лжывае разуменне свету»

Наталля пачынае з таго, што інфармацыя — карысная для нас рэч, яна дае яснасць. Каб выжываць, нам важна разумець, што адбываецца навокал, якія ў нас пагрозы і перспектывы, мець пэўнасць: «Напрыклад, мы мусім ясна бачыць, куды ідзём і дзе знаходзімся, нам патрэбная зразумелая карцінка, каб арыентавацца на мясцовасці. Але калі вакол туман, мы нічога не бачым. Так і з негатыўнай інфармацыяй — яна не дае цалкам успрымаць рэальнасць».

Таксама нам патрэбныя рэсурсы для апрацоўкі інфармацыі. Калі даных занадта шмат і мы не паспяваем іх засвойваць і сартыраваць, тады лішак інфармацыі робіцца для нас шкодным. Гэта выклікае стрэс і не дае нам адпачываць, бо мозг, як страўнік, запоўнены непераваранай інфармацыяй. Вынік — шкода эмацыйнаму і фізічнаму здароўю.

Навіны і інфармацыя робяцца злом і тады, калі ў іх занадта шмат негатыву, калі мы адчуваем, што гэта нас засмоктвае. Тады ўсё навокал робіцца дрэнным, пагрозлівым і страшным, і гэты фон пачынае змяняць наша ўспрыняцце рэальнасці. Так могуць азмрочвацца іншыя часткі жыцця, калі мы на фоне негатыву перастаём заўважаць тое добрае, што маем.

Як зразумець, што інфармацыі ў вашым жыцці занадта шмат? Псіхолаг тлумачыць: «Першая прыкмета — калі для нас усё робіцца цямнюсенькім, дэпрэсіўным і дрэнным. Напрыклад, калі паглядзець на жыццё аб’ектыўна, там шмат добрага, але мы бачым адно негатыў.

Па-другое, бывае, што мы не можам заснуць, бо бясконца круцім у галаве атрыманую інфармацыю. Пасля такога чалавек можа ранкам адчуваць сябе так, быццам не адпачнуў ноччу, то-бок ён «пераеў» і мозг не паспявае апрацоўваць інфармацыю. Гэта першыя сімптомы таго, што ў нас інфармацыйная перагрузка. Тады трэба ладзіць дэтокс, дапамагаць мозгу перапрацаваць тое, што «з’елі». 

Наталля расказвае, што інфармацыйная перагрузка — папулярная праблема, асабліва ў наш час. Сёння мы спажываем за дзень больш інфармацыі, чым паўстагоддзя таму чалавек мог атрымліваць за год, і часам наш мозг не ў стане пераварыць столькі даных. Атрымліваецца знясіленне, бо біялогія наша практычна не змянілася з пачатку інфармацыйнай эры, мы маем тыя ж мазгі, што і нашы продкі. Пры гэтым свет змяніўся, стаў больш хуткім і напоўненым інфармацыяй, і ў выніку мы жывём у істотнай перагрузцы.

На людзей з больш далікатнай нервнай сістэмай лішак інфармацыі можа ўплываць негатыўна. Але і звычайныя людзі здольныя трапіць пад скажэнне ўспрыняцця свету, мозг можа адказаць на навіны доўгай стрэсавай рэакцыяй, і ў выніку церпіць фізічнае здароўе, не кажучы пра псіхіку. Напрыклад, калі чалавек увесь час напружаны, у яго мускульныя заціскі, праз гэта пачынаюцца праблемы з мускуламі, галаўныя болі, парушаецца забеспячэнне органаў крывёй, што ў выніку выклікае іх хваробы.

«Мы часам скануем інфармацыю менавіта з патрэбы яснасці — каб разумець, што адбываецца ў свеце, і своечасова кудысьці бегчы, даць рады дрэнным падзеям, карацей, каб выжыць. Аднак лішак інфармацыі часта толькі ўзмацняе трывожнасць і выклікае лжывае разуменне свету — маўляў, ён страшны, варожы і нідзе няма выратавання. Гэта абсалютна не спрыяе душэўнай раўнавазе, чалавек сыходзіць у свет страхаў і дрэнных фантазій», — лічыць Скібская.

«Уключайце фільтр: трэба мне гэтая інфармацыя ці не, а калі так, то навошта»

Наш мозг пастаянна паглынае даныя, кажа псіхолаг. Просты прагляд тэлебачання, кнігі, фільмы, усё, што мы чытаем і бачым — гэта ўсё запісваецца ў нашай памяці, і таму трэба фільтраваць тую інфармацыю, што мы спажываем. Для мозга няма вялікай розніцы, мы глядзім фільм жахаў ці перажываем нешта ў рэальнасці, — усё гэта на нас уплывае. Таму трэба быць вельмі выбіральным у тым, што мы спажываем, чытаем ці глядзім, даваць свайму арганізму дастаткова часу, каб перапрацаваць тое, што мы з’елі, і абавязкова ладзіць рэгулярны інфармацыйны дэтокс.

Наталля адзначае, што

вечар — час падрыхтоўкі да сну, таму не трэба нагружаць у гэты час мозг. Вельмі важна апошнія пару гадзін дня рыхтаваць арганізм да адпачынку, а не чытаць страшныя навіны, якія нас пужаюць і не даюць нам заснуць.

Фота: Federico Orlandi / pexels.com

Таксама варта правільна перапрацоўваць інфармацыю: «Мы лічым значнымі тыя факты, на якія рэагуем эмацыйна. Таму калі вы ў сябе бясконца загружаеце навіны пра тое, як недзе кагосьці забіваюць, гэта ўплывае на псіхалагічны стан, і мы самі сябе так накручваем. Здаецца, матыў добры: мы хочам разумення і яснасці, магчымасці кіраваць нашым жыццём. Але мы робім сабе горш. Варта чытаць толькі тое, што нам сапраўды трэба, і не больш.

Задача медыя — даваць навіны, якія будуць вабіць, а задача спажыўцоў — утрымлівацца. Вы ідзяце да касы ў магазіне, і вам ля яе прапануюць непатрэбныя і шкодныя прадукты, і вы на гэта купляецеся, хаця яно вам абсалютна не трэба. Уключайце фільтр: трэба мне гэтая інфармацыя ці не, а калі так, то навошта. Калі я хачу супакоіцца ці нешта зразумець, якая інфармацыя мне для гэтага патрэбная? І не варта ўражвацца».

Ведаеце пра феномен думскролінгу, калі мы бяздумна сядзім у тэлефоне і гартаем стужку з дрэннымі навінамі? Наталля тлумачыць гэтую з’яву так:

«Мы запраграмаваныя на тое, каб знаходзіць і прадбачваць небяспеку. Калі чалавек у курсе парадку дня, у яго складаецца адчуванне, што калі ён нешта ўпусціць, гэта можа быць небяспечна. Інфармацыя паглынае чалавека, і ён не можа сябе адтуль выцягнуць. Гэта павышае ўзровень трывогі і патрабуе супакаення, а каб супакоіцца, нібыта трэба больш яснасці. І ты пачынаеш шукаць новую інфармацыю, чытаць болей».

Без сілы волі тут не справіцца, але Наталля падказвае адзін лайфхак. У той час, калі вы ў рэсурсе, абмяжуйце час за экранам так, каб пасля пэўнага перыяду тэлефон блакаваўся. Або, калі вы заўсёды з тэлефонам, выдаліце дадаткі сайтаў з навінамі ці заблакуйце ў сябе гэтыя рэсурсы. Арганізуйце жыццё так, каб у вас было канкрэтнае месца і час на спажыванне інфармацыі.

Ранкам вы маеце пэўны запас сілы волі і траціце яго на тое, каб устаць з ложку, пачысціць зубы, дайсці да працы і папрацаваць. Увечары ў вас гэтай сілы волі ўжо можа не быць, таму варта дапамагчы псіхіцы, загадзя прадугледзець свае паводзіны.

Яшчэ важная падтрымка адзін аднаго, лічыць Скібская: «Можна папрасіць блізкіх ці знаёмых выцягваць нас, калі мы завісаем у навінах, прапаноўваць заняцца чымсьці іншым. Калі мы маем добрыя, цёплыя і стабільныя адносіны, у якіх мы адчуваем сябе бяспечна, час разам з гэтымі людзьмі інвестуе ў наш спакой. У нас ёсць іншыя спосабы даць рады трывозе, акрамя як бясконца скроліць навіны. Варта развіваць схільнасць карыстацца гэтымі спосабамі».

Абставіны сацыяльнай ізаляцыі — напрыклад, вы эмігрант, у вас няма блізкіх, вы не маеце з кім сустракацца і бавіць час — робяць нас больш трывожнымі. Такое пачуццё трывогі стымулюе пошук спосабаў даць рады, і можна аказацца ў сітуацыі, калі вы седзіце адзін у пустой кватэры, усё навокал жахлівае, і вы пагружаецеся ў думскролінг.

Калі мы перагружаем наш мозг інфармацыяй, кажа псіхолаг, мы трацім уласныя рэсурсы. Мозг вымушаны скіроўваць энергію, якую ён бы скіраваў на працу нашых органаў і сістэм, на тое, каб даць рады «з’едзенай» інфармацыі. 

«На дзецях добра бачым, як зацягваюць гаджэты: даеш дзіцяці тэлефон, і яно сыходзіць у віртуальную рэальнасць»

Як пачынаць лічбавы дэтокс? «З некаторымі кліентамі я разам вызначала, якія навінавыя рэсурсы яны чытаюць. Можна зрабіць гэта самастойна, скласці такі спіс на паперцы. Варта падумаць, як навіны з розных крыніц на мяне ўплываюць і навошта я ўвогуле туды заходжу. Калі я ведаю, якая інфармацыя мне патрэбная, то, як я зайду на пэўны сайт, я не скролю, а шукаю нешта канкрэтнае. Можна і выдаліць, напрыклад, падпіску на пэўныя каналы. Смела вычышчайце лішняе, тое, што робіць ваша жыццё горшым, а ваша светаўспрыманне — больш дэпрэсіўным», — раіць Скібская.

Прасачыце за сваім экранным часам, тым больш, што для гэтага сёння існуюць спецыяльныя мабільныя дадаткі. Дзе канкрэтна ў віртуальным свеце вы траціце шмат часу? Навошта вам гэта? Нармальна, калі мы ідзём у булачную па хлеб, а ў магазін мэблі — па мэблю, тлумачыць экспертка. Вось і падумайце, ці адказвае крыніца інфармацыі, куды вы звяртаецеся, вашаму запыту.

Фота: Mike van Schoonderwalt / pexels.com

Таксама Наталля рэкамендуе арганізоўваць свой час так, каб у вас быў адпачынак ад інфармацыі — напрыклад, выдзяляць дзень, калі вы ўвогуле нічога не чытаеце. Свядома правярайце ўвечары навіны, чытайце выніковыя зводкі за дзень ці глядзіце выніковыя выпускі навінаў. Калі нейкая навіна ў такой зводцы вас зацікавіла, можна прачытаць пра яе больш, але не чытаць усё запар, трэба быць літасцівым да сваіх мазгоў. 

Усё гэта датычыць дарослых людзей, але ж інфармацыю спажываюць і дзеці. Папулярная з’ява сярод сучасных бацькоў — надоўга ўключыць малому мульцікі ці пакінуць яго сам-насам з іншым кантэнтам. Як на гэта глядзіць псіхолаг? «Трэба вельмі дазіраваць інфармацыю вакол малых дзяцей і добра думаць над тым, калі даваць ім гаджэты. Зразумела, што бацькі і надалей будуць даваць малым гаджэты і ўключаць мульцікі, бо гэта просты спосаб трохі адпачыць ад дзяцей. Дарэчы, на іх добра бачна, як зацягваюць гаджэты: даеш дзіцяці тэлефон і яно сыходзіць у віртуальную рэальнасць. 

Ёсць карысны кантэнт, а ёсць шкодны, і варта гэта фільтраваць. Вы ж не будзеце даваць дзіцяці ртуць або нітраты, так і з інфармацыяй. Дзеці не усё могуць пераварыць, у іх нясталая нервовая сістэма. Прагляд мульцікаў часта расхіствае яе, у тым ліку праз дзіцячыя перажыванні. Таксама ва ўсіх казках закладзеная пэўная сістэма поглядаў, так што падумайце, што вы загружаеце дзіцяці ў галаву і якія перакананні «з’есць» дзіцё, пакуль яно маленькае і не мае фільтру».

«Кукуха» едзе, і я нічога не магу з гэтым зрабіць». Беларусы падзяліліся спосабамі ратаваць псіхіку ў часы войнаў і рэпрэсій

«Не вы адмаўляецеся ад Радзімы, а яна ад вас». Спецыяліст прааналізавала псіхалагічнае вымярэнне ўказа №278

«Людзі з псіхалагічнымі праблемамі не слабыя. Яны проста вельмі шмат змагаліся». Што беларусы даведаліся пра сябе дзякуючы псіхатэрапеўтам

Вера Белацаркоўская