На суботніках у Гомельскай вобласці збіралі грошы на помнік «генацыду беларускага народа»
Адсутнасць грамадскага абмеркавання, дзіўны праект і яшчэ тры прычыны.
28.10.2023 / 22:15
У Гомельскай вобласці грошы ад суботніка чыноўнікі хочуць перадаць на ўзвядзенне ў рэгіянальным цэнтры помніка «генацыду». Журналісты «Флагштока» расказваюць, якія праблемы ёсць у гэтай ініцыятывы.
Адсутнасць грамадскага абмеркавання
У гамельчукоў не было магчымасці паўплываць на архітэктурнае рашэнне помніка. Элементы дэмакратыі былі зведзеныя да выбару месцазнаходжання помніка і толькі для падпісчыкаў тэлеграм-канала старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава.
Там было прапанавана выбраць устаноўку помніка па ўжо існуючым эскізе сярод дзвюх лакацый: у скверы каля фабрыкі «8 Сакавіка» або на плошчы Паўстання за танкам.
Гістарычныя падтасоўкі
Устаноўка помніка прывязана да размяшчэння лагера савецкіх ваеннапалонных. Падчас нацысцкай акупацыі з-за жахлівых умоваў там загінулі каля 120 тысяч чалавек. Але яны з'яўляліся прадстаўнікамі народаў Савецкага саюза: беларусаў, украінцаў, казахаў і шматлікіх народаў Беларускай ССР.
Іх немагчыма залічыць у ахвяры «генацыду беларускага народа».
Бяздарны праект
Варыянт рэканструкцыі плошчы Паўстання выклікаў шмат пытанняў да праекціроўшчыкаў. Ягоны праект таксама не выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Калі ліквідацыя паркоўкі вакол помніка танка адпавядае сусветнай тэндэнцыі да памяншэння прысутнасці аўтамабіляў у цэнтры горада, то планіроўка меркаванага сквера выклікала здзіўленне.
Праекціроўшчыкі Гомельграмадзянпраекта стварылі сквер спецыяльна для мемарыяльных мерапрыемстваў. Праз гэты сквер будзе немагчыма прайсці да стадыёна, ён мае адзіны ўваход і па сутнасці з'яўляецца тупіком.
Фінансаванне праекта
Стварэнне праекта сквера было ўключана ў кошт стварэння праекта рэканструкцыі найбліжэйшай цеплатрасы РУП «Гомельэнерга». Такім чынам гомельскія энергетыкі былі змушаныя аплаціць няпрофільныя працы па праектаванні новага сквера на пл. Паўстання.
Для гэтага будзе патрачана сума ў памеры 127 695 беларускіх рублёў.
Агульны кошт праекта не называўся. Зыходзячы са штогадовай традыцыі будаўніцтва мемарыяльных комплексаў за сродкі збораў суботнікаў, можна меркаваць, што кошт будаўніцтва комплексу складае каля аднаго мільёна долараў. Па інфармацыі тэлеграм-канала старшыні Гомельскага аблвыканкама, на суботніку ў Гомельскай вобласці сабрана каля 2,8 мільёна рублёў (875 тысяч даляраў).
Прымусовая праца работнікаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый
Для стварэння помніка на месцы ўтрымання і гібелі савецкіх ваеннапалонных аказалася неабходнай прымусовая праца грамадзян аўтарытарнай Беларусі. Асноўная мэта суботніка — адлічэнне сродкаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый на пабудову мемарыяльнага комплексу. Такія зборы ёсць традыцыяй, але ад таго яны не з'яўляюцца правамернымі. Нават сёння суботнік фармальна з'яўляецца добраахвотным мерапрыемствам, але на практыцы — прымусовым.