«Эпоха сядзення дома». Кавід пераможаны, але звычкі, выпрацаваныя ім, змянілі структуру эканомікі
Найбольшым наступствам кавіду стала тое, што людзі сталі больш сядзець дома і працаваць з дому. І зразумелі, што многае, на што яны трацілі грошы раней, не вельмі ім і трэба.
31.10.2023 / 19:49
Фота: сацыяльныя сеткі
Пасля рэзкага росту беспрацоўя ў 2020 годзе на фоне пандэміі ягоны ўзровень ва ўсім багатым свеце хутка знізіўся да перадпандэмічнага мінімуму. Большасць развітых краін у кароткія тэрміны вярнула свой ВУП да былых паказнікаў. І ўсё ж больш чым праз два гады пасля лакдаўнаў у многіх краінах, прынамсі, адна рэч, якую прынёс з сабой Covid-19, працягваецца: спажывецкія звычкі ва ўсім багатым свеце рашуча змяніліся і, магчыма, назаўжды. Выданне The Economist называе гэта «эпохай самотнікаў».
Да кавіду доля спажывецкіх выдаткаў на паслугі няўхільна расла. Па меры таго як грамадства багацела, людзі імкнуліся да большай раскошы, лепшай аховы здароўя і фінансавага планавання. Затым у 2020 годзе выдаткі на паслугі — ад пражывання ў гасцініцах да стрыжкі валасоў — абваліліся. Разам з павелічэннем часу, які людзі праводзяць дома, падскочыў і попыт на тавары для дому, прыкладам, на камп'ютарнае абсталяванне і велатрэнажоры.
Сфера паслуг перажывае не найлепшыя часы
Праз тры гады доля выдаткаў на паслугі застаецца ніжэйшай за дакавідны ўзровень. Жыхары багатых краін за год трацяць на паслугі прыкладна на 600 мільярдаў даляраў менш, чым чакалася ў 2019 годзе. У прыватнасці, людзі менш зацікаўленыя ў вольным часе, які праводзіцца па-за домам, уключаючы сферы гасціннасці і адпачынку. У той жа час людзі пачалі больш траціць на тавары і прадукты: мэблю, лядоўні, ежу і алкаголь.
У краінах, якія правялі менш часу ў каранціне (ці, як Беларусь, не мелі лакдаўнаў увогуле), звычкі пустэльнікаў не ўкараніліся. Аднак у іншых месцах усё памянялася радыкальна. У Японіі, напрыклад, колькасць браняванняў у рэстаранах скарацілася на 50%.
У Амерыцы занятасць у сферы гасціннасці застаецца ніжэйшай, чым у 2019 годзе. Шмат новых гатэляў і рэстаранаў, якія адкрыліся б у 2020 і 2021 гадах, так і не адкрыліся. Колькасць гатэляў у Брытаніі (каля 10 000) не расце з 2019 года.
Фірмы заўважаюць зрух на 600 мільярдаў даляраў. Нядаўна кіраўнік Darden Restaurants, які кіруе адной з найпапулярнейшых сетак рэстаранаў Амерыкі Olive Garden, адзначыў, што ў параўнанні з дакавідным перыядам наведвальнасць іх устаноў складае каля 80%. У той жа час выручка Home Depot, якая прадае прылады і тавары для ўпарадкавання дамоў, вырасла прыкладна на 15% у параўнанні з 2019 годам у рэальным выяўленні. Банк Goldman Sachs адсочвае курсы акцый кампаній, якія атрымліваюць выгаду, калі людзі застаюцца дома (напрыклад, фірмы электроннай камерцыі), і тых, якія квітнеюць, калі людзі знаходзяцца па-за хатай (напрыклад, авіякампаніі). І нават сёння рынак прыхільна глядзіць на фірмы, якія накіраваныя на дамаседаў.
Людзі сталі больш спаць і частку дзён працаваць з хаты
Чаму трэнды паводзін пустэльнікаў захаваліся? Першая магчымая прычына ў тым, што некаторыя ўразлівыя людзі па-ранейшаму баяцца заразіцца кавідам ці яшчэ чымсьці. У Брытаніі выкарыстанне аўтамабіляў адпавядае дапандэмічным нормам, але ў той жа час выкарыстанне грамадскага транспарту значна знізілася. Людзі таксама, здаецца, менш зацікаўленыя ў асабістых паслугах, якія патрабуюць блізкага кантакту з кліентам. Так, у Амерыцы выдаткі на цырульні і асабісты догляд на 20% ніжэйшыя за дакавідную тэндэнцыю, у той час як выдаткі на касметыку, парфумерыю і сродкі для пазногцяў выраслі на чвэрць.
Другая прычына звязаная з мадэлямі працы. Ва ўсім багатым свеце людзі цяпер працуюць каля аднаго дня ў тыдзень дома, згодна з данымі King’s College London. Гэта зніжае попыт на некаторыя паслугі (напрыклад, дастаўку офісных абедаў) і павышае попыт на іншыя тавары, якія вымагаюць нешта рабіць самастойна. Напрыклад, італьянцы летась патрацілі на 34% больш на посуд і хатняе начынне, чым у 2019 годзе.
Трэцяя прычына тычыцца каштоўнасцяў. Кавід, магчыма, зрабіў людзей сапраўды больш падобнымі да пустэльнікаў ці да самотнікаў. Паводле афіцыйных даных з ЗША, у мінулым годзе людзі там спалі штодня на 11 хвілін больш, чым у 2019 годзе. Яны таксама трацілі менш на клубы, дзе патрабуецца членства, і іншыя грамадскія мерапрыемствы; пры гэтым больш трацілі на адзіночныя заняткі: напрыклад, на садоўніцтва і свойскіх жывёл. Здаецца, што найбольшым наступствам кавіду стала тое, што людзі сталі больш сядзець дома і працаваць з дому. І зразумелі, што многае, на што яны трацілі грошы раней, не вельмі ім і трэба.
Чытайце таксама:
Зноў рэзка павялічылася захваральнасць на COVID-19
Наколькі рэалістычны прагноз развіцця эканомікі на наступны год