У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пратэстоўцы ўварваліся ў аэрапорт

Дзясяткі людзей, пратэстуючы супраць прылёту рэйса з Тэль-Авіва ў Дагестан, бесперашкодна ўвайшлі ў будынак тэрмінала аэрапорта Махачкалы Пра гэта паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы.

29.10.2023 / 21:08

На кадрах бачныя супрацоўнікі сілавых службаў, якія не аказваюць супраціву. На іншым відэа бачна, як пратэстоўцы прарываюцца на тэрыторыю аэрадрома.

Людзі сабраліся ў аэрапорце па закліках папулярных у рэспубліцы тэлеграм-каналаў. Учора яны заклікалі шукаць габрэяў у гатэлях Дагестана, бо, маўляў, «па нашай інфармацыі там шмат уцекачоў з Ізраіля».

Махачкалінская паліцыя запэўнівае натоўп, што падзяляе ягоныя пачуцці, але заклікае не рабіць пагромаў:

«Мы выдатна разумеем ваш стан. Давайце збярэмся ўсе разам, і мы з вамі ўстанем і будзем скандаваць тут, калі ласка, няма пытанняў. […] Вы ж закон парушаеце, слухайце, навошта вы гэта робіце?»

У натоўпе чуваць крыкі «Смерць яхудам!» (юдэям). Натоўп прарваўся не толькі ў будынак аэрапорта, але і на лётнае поле.

Канал «Утро Дагестан» распаўсюдзіў відэа з аэрапорта, на якім пратэстоўцы патрабуюць ад мужчыны, якога яны прынялі за габрэя, «праклёнаў на камеру смярдзючаму Ізраілю».

Нагадаем, што менавіта тэлеграм-канал «Утро Дагестан» быў асноўным арганізатарам пратэстаў супраць аб'яўленай расійскімі ўладамі мабілізацыі восенню мінулага года. Дагестан стаў адной з тых мясцовасцяў, дзе гэтыя пратэсты сталі дастаткова заўважнымі.

Цяпер у Дагестане і іншых рэспубліках расійскага Паўночнага Каўказа пратэсты праходзяць з мусульманскай салідарнасці, мясцовыя жыхары такім чынам падтрымліваюць рух ХАМАС у яго змаганні з Ізраілем.

Чытайце таксама:

Лідар ХАМАС у сектары Газа зрабіў першую публічную заяву з пачатку вайны

Іран пагражае далучыцца да вайны супраць Ізраіля

У Стамбуле сотні тысяч людзей выйшлі на акцыю ў падтрымку Палесціны. Эрдаган выступіў з прамовай, у якой назваў ізраільскія ўлады «ваеннымі злачынцамі»

Nashaniva.com