У Мінску грамадскі транспарт атрымае прыярытэт пры праездзе скрыжаванняў

У сталіцы робяцца захады для паскарэння руху грамадскага транспарту па маршрутах. Пра гэта распавёў генеральны дырэктар «Мінсктранса» Алег Дзюбенка, пішуць Мінск-навіны.

30.10.2023 / 08:43

Фота: «Наша Ніва»

Гараджане пацікавіліся, ці ёсць магчымасць паскорыць рух грамадскага транспарту ў сталіцы.

— Наша агульная мэта з гарадскімі ўладамі і дарожнымі службамі, каб грамадскі транспарт хадзіў хутчэй. На сённяшні дзень для гэтага рэгулююцца праца святлафораў і скрыжаванне транспартных патокаў. У найбліжэйшы час пачнём выпрабоўваць праграмы для прадастаўлення прыярытэту праезду грамадскаму транспарту праз святлафоры. Сёлета маюць намер прыступіць да іх тэставання на трамвайных маршрутах, — растлумачыў А. Дзюбенка.

Акрамя таго, многія гараджане папрасілі дадаць дадатковыя пункты прызначэння ў некаторыя ўжо існуючыя маршруты.

— Змены існуючых маршрутаў звязаныя з вывучэннем пасажырапатоку. Усім гараджанам забяспечыць рух па горадзе без перасадак проста немагчыма, — адказаў А.Дзюбенка. — Але з увядзеннем адзінага праязнога пасажырам з гледзішча фінансаў выгадна выконваць перасадкі.

Nashaniva.com