Беларускія памежнікі даставілі на латвійскую мяжу целы мігрантаў, а потым забралі — латвійскія медыя

27 кастрычніка латвійскія памежнікі ля дзяржаўнай мяжы на беларускім баку заўважылі групу людзей, якія пераносілі цела на самаробных насілках.

30.10.2023 / 09:29

Беларуска-латвійская мяжа. Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

27 кастрычніка латвійскія памежнікі ля дзяржаўнай мяжы на беларускім баку заўважылі групу людзей, якія пераносілі цела на самаробных насілках, паведамляе Delfi.lv са спасылкай на Дзяржаўную памежную ахову Латвіі.

Каб прадухіліць магчымае незаконнае перасячэнне мяжы, латвійскія памежнікі адправіліся на месца здарэння, дзе ўбачылі, што да латвійскай мяжы нясуць чалавека і пакідаюць яго ляжаць на зямлі, а побач з ім кладуць яшчэ аднаго без прыкмет жыцця.

Латвійскія памежнікі працягвалі назіраць за сітуацыяй, але эскалацыі не адбылося, і праз некаторы час прыбылі беларускія памежнікі і прыбралі целы.

Латвійскія памежнікі былі гатовыя рэагаваць. У мінулым ім ужо даводзілася выклікаць брыгады службы неадкладнай медыцынскай дапамогі для аказання першай дапамогі людзям, дастаўленым на тэрыторыю Латвіі або злоўленым на ёй, знясіленым і часта абмарожаным, каб прадухіліць пагрозу іх здароўю і жыццю. Выратаваць людзей у такіх сітуацыях атрымоўваецца не заўсёды, паведамляе Delfi.lv.

Чытайце таксама:

Лукашэнка пра нелегальных мігрантаў: Мы нікога тут лавіць не будзем

Латвійская армія павялічыла сваю прысутнасць ля ўсходняй мяжы

На межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй загінулі тры мігранты

Nashaniva.com