У Адэсе раніцай адбыліся выбухі — як мяркуецца, пасля ўдару балістычных ракет
«Адэскі раён, будзьце ў сховішчах да адбою паветранай трывогі», — звярнуўся да грамадзян кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
30.10.2023 / 11:35
Ракета «Онікс». Фота: Wikimedia Commons
У Адэсе раніцай 30 кастрычніка прагучалі выбухі падчас паветранай трывогі на поўдні Украіны. Пакуль вядома пра мінімум тры выбухі ў Адэсе.
Паветраныя сілы УСУ папярэджвалі пра пагрозу прымянення балістычнай зброі ў Адэскай вобласці.
«Адэскі раён, будзьце ў сховішчах да адбою паветранай трывогі», — звярнуўся да грамадзян кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
«Балістычная ракета, калі яна запушчаная з тэрыторыі Крыма, ляціць даволі кароткі час. Ад старту да прылёту лічаныя хвіліны. Трэба гэта разумець і неадкладна рэагаваць. Бо балістыка — гэта хутка. Уласна такое цяпер і адбылося, — пракаментаваў удары прадстаўнік Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат. — Паведамілі, што ўжо ёсць выбухі. Будзем чакаць паведамленняў ад мясцовых уладаў, які тып узбраення быў ужыты».
Вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка выказаў здагадку, што гэта былі звышгукавыя супрацькарабельныя ракеты «Онікс». «Нягледзячы на тое, што ў Адэсе няма сродкаў СПА, здольных перахопліваць «Онікс», ужываліся яны раней пераважна ўначы», — цытуе словы Каваленкі Бі-бі-сі.