Заўчасна вызвалілі былога дырэктара «Белтэлекама». Ён даваў паказанні на Уцюрына

удакладнена

Былы дырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў праходзіў па «справе Уцюрына» — былога начальніка аховы Лукашэнкі і намесніка дзяржсакратара ў Радзе бяспекі.

30.10.2023 / 17:48

Сяргей Сівадзедаў. Фота: «Белтэлекам»

Сівадзедаў заключыў дасудовае пагадненне і даваў паказанні на астатніх хабарнікаў. 

Яму далі значна менш, чым Андрэю Уцюрыну, — сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 3 арт. 430 КК. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», пэўны час таму Сівадзедаў выйшаў на волю, не дабыўшы часткі тэрміну. 

Затрыманы фігуранты справы былі на пачатку мая 2019-га.

«Хлопцы па гэтай справе пісалі шмат прашэнняў аб памілаванні. Самае імавернае, што адбылася замена неадбытай часткі пакарання больш мяккай», — патлумачыў «Нашай Ніве» абазнаны суразмоўца. 

[Удакладнена: Сівадзедаў выйшаў на волю 31 мая.]

Гэтая інфармацыя карэлюе з тым, што з недабудаванага дома былога начальніка аховы Лукашэнкі Андрэя Уцюрына знялі арышт і ён выстаўлены на продаж. 

Чытайце таксама: З недабудаванага дома Уцюрына ў Драздах знялі арышт. Той прадае яго за $1,3 мільёна

Дом у Драздах прадаецца за $1,3 мільёна. 

Фота: realt.by

«Імаверна, Уцюрына таксама рыхтуюць да выхаду, даўшы магчымасць кампенсаваць шкоду за кошт продажу дома», — рэзюмуюць нашы суразмоўцы. 

Nashaniva.com