«Нырку не перасадзілі». 73-гадовага палітвязня Васіля Бераснева вярнулі ў калонію
Прафсаюзны актывіст у зняволенні пакутуе ад ныркавай недастатковасці.
31.10.2023 / 08:01
Васіль Бераснеў. Фота: «Радыё Свабода»
Пра сітуацыю з палітвязнем Васілём Берасневым «Радыё Свабода» расказаў Максім Пазнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).
«Яго абследавалі ў шпіталі на працягу двух дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі. Крыніцы, з якімі я кантактаваў, нават не ведаюць, як ён цяпер пачуваецца», — сказаў «Свабодзе» Максім Пазнякоў.
Паводле Максіма Пазнякова, Васіля Бераснева вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка.
У 73-гадовага Бераснева адна нырка. Праблемы са здароўем у палітвязня абвастрыліся яшчэ ў СІЗА, а ў калоніі № 15, што пад Магілёвам, стан здароўя рэзка пагоршыўся. Паводле дасведчаных крыніц, у яго павысіўся ціск і пачаліся моцныя болі ў нырцы. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Васіля Бераснёва на пачатку кастрычніка забралі з калоніі і паклалі на абследаванне ў Магілёўскі абласны шпіталь.
«Сітуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходная перасадка, трэба біць ва ўсе званы і рабіць гэта неадкладна. А ўвогуле — палітвязня трэба вызваляць, і як мага хутчэй, і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасці», — казаў на пачатку кастрычніка праваабаронца Ігар Казмерчак.
Паводле Максіма Пазнякова, яму невядома, чаму ў Магілёўскім абласным шпіталі Васілю Бераснёву аперацыю па перасадцы ныркі так і не зрабілі. «Мае крыніцы пра дыягназ таксама не ведаюць», — сказаў Максім Пазнякоў.
Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП, быў выканаўцам абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Прафсаюзнага актывіста затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў. Сёлета ў студзені Менскі гарадскі суд пакараў лідараў прафсаюза РЭП вялікімі тэрмінамі зняволення. Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснёў атрымалі па 9 гадоў калоніі, Вячаслаў Арэшка — 8 гадоў.
Бераснева, Фядыніча і Арэшку прызналі вінаватымі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Васіль Бераснеў віны не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі актывіста палітычным вязнем.
Чытайце таксама:
Самыя пажылыя палітвязні — хто яны і за што іх арыштавалі
«Фядыніч нармальна, а вось у Арэшкі праблемы» — невясёлыя навіны ад палітзняволеных прафлідараў