Архітэктары паказалі, як будзе выглядаць мост на бульвары Шаўчэнкі ў Брэсце пасля рэканструкцыі

Стары мост маюць цалкам знесці, на яго месцы пабудуюць два новыя — з дэкаратыўнымі ліхтарамі, падсветкай і стэлай з выявамі славутасцей горада.

31.10.2023 / 15:04

Мост пасля рэканструкцыі

Праект рэканструкцыі, распрацаваны аўтарскім калектывам «Брэстпраекта» (ГАП Тамашэўскі, архітэктар Мурына, генплан — Хамянок, упарадкаванне — Някрасава і Вірко), быў прэзентаваны на XXI Рэспубліканскім конкурсе на найлепшы праект, пабудову і публікацыю ў галіне архітэктуры.

Мост на бульвары Шаўчэнкі ў 1970-я. Фота з кнігі «Брэст»

На маштабную рэканструкцыю моста цераз Мухавец, як паведамлялі ў Брэсцкім аблвыканкаме, плануецца выдаткаваць каля 80 мільёнаў рублёў.

Работы планавалі пачаць у гэтым годзе, але ў жніўні старшыня гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі ўдакладніў, што яны пачнуцца толькі ў 2024 годзе з боку Цэнтральнага пляжа.

Цяперашні мост цераз Мухавец быў пабудаваны ў 1963 годзе, сёлета яму спаўняецца 60 гадоў. Ягоная даўжыня складае 142 м, а шырыня — 13,5 м. 

Двухпалосны мост перастаў задавальняць патрэбы горада: за час яго службы моцна выраслі патокі транспарту, разрасліся мікрараёны і сёлы Вулька, Кавалёўка, Пугачоўка, Валынка, Аркадзія і Гершоны на паўднёвым беразе Мухаўца.

Чарцяжы новых мастоў

Масты застануцца пяціпралётнымі, цэнтральны пралёт расцягнецца на 43,88 м, а бакавыя будуць мець па 33 і 24 м. Даўжыня павялічыцца да 165,2 м, а агульная шырыня двух мастоў — да 31,86 м. Праезная частка стане чатырохпалоснай, таксама значна, да 4 м, пашырацца тратуары, прызначаныя для пешаходнага і веласіпеднага руху.

Дэкаратыўныя дугападобныя апоры асвятлення на новым мосце

Гарадскія ўлады таксама абяцалі, што рух на час рэканструкцыі моста будзе абмежаваны, але не перакрыты. Хоць не зусім зразумела, якім чынам будзе выкананае гэтае абяцанне, улічваючы, што стары мост у час рэканструкцыі будзе цалкам знесены, а на яго месцы пабудуюць два новыя.

Зрэшты, Берасце за апошняе дзесяцігоддзе атрымала новы мост каля крэпасці і пашырыла стары, які вядзе ад Пугачоўкі і Краснага Двара каля Гузнёў да мікрараёна Усход.

Архітэктурная падсветка запланаванага моста

На мосце паставяць дугападобныя ліхтары, якія будуць вызначаць ягонае аблічча, а сама канструкцыя атрымае дэкаратыўнае падсвятленне, якое будзе змяняць колер.

Дэкаратыўная стэла на скрыжаванні бульвара Шаўчэнкі з набярэжнай Францішка Скарыны

Рэканструявана будзе таксама кальцавая развязка на скрыжаванні бульвара Шаўчэнкі з набярэжнай Францішка Скарыны. Тут архітэктары прапануюць паставіць дэкаратыўную стэлу ў выглядзе металічнага колца, на ўнутраным баку якога размешчаны пазнавальныя збудаванні горада.

Падпорныя сценкі вакол стэлы з сілуэтамі горада

Ад стэлы спіраллю будуць разыходзіцца падпорныя сцены, з вырашэннем якіх пакуль не вызначыліся — гэта могуць быць перфараваныя алюмініевыя панэлі з унутраным падсвятленнем, або бетонныя сценкі з сілуэтамі горада, або проста габіёны.

Чытайце таксама:

Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Актывісты б’юць трывогу: рэканструкцыя кінатэатра «Масква» незаконная

Ф. Раўбіч