Лукашэнка: Беларусь паставіла перад Расіяй пытанне аб кампенсацыях у сувязі са ссоўваннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС

Лукашэнка сёння заслухаў даклад міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча аб завяршэнні будаўніцтва БелАЭС і павышэнні даступнасці электраэнергіі для ацяплення жылых дамоў.

31.10.2023 / 11:49

«Тэма сённяшняй нашай размовы, як вядома, атамная электрастанцыя. У прынцыпе, мы скончылі будаўнічыя і пусканаладачныя работы. Станцыя працуе на поўную магутнасць, праводзяцца планавыя прафілактычныя і іншыя мерапрыемствы, што пазначаны ў рэгламенце. Бяспека нашай станцыі — гэта пытанне нумар адзін. Тут няма чаго паўтараць і гаварыць», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават нейкія нюансы трэба даводзіць да канца і беларускі бок у гэтым плане заўсёды выстаўляў строгія патрабаванні.

«Расатам» павінен гэта выдатна разумець. Мы — чарнобыльская рэспубліка. У нас нават найменшыя паслабленні пры будаўніцтве АЭС недазваляльныя. Людзі нам ніколі гэтага не даруюць. Таму адсюль такія строгія патрабаванні з нашага боку па рознага роду нюансах», — адзначыў ён.

Ён таксама заявіў, што Беларусь паставіла пытанне аб кампенсацыях у сувязі са змяшчэннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС.

«У нас трохі зрушыліся тэрміны ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі праз расійскі бок. Натуральна, па дамове мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэта хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаныя тэрміны ўводу станцыі, і адказнасць за гэта нясе расійскі бок. Яны нам прапанавалі варыянты і па цане на свежае ядзернае паліва — як для расіянаў, як для сваіх станцый. І тэрмін гарантыйны на пяць гадоў (на асноўныя вузлы)», — адзначыў Лукашэнка.

«Гэта вы мне сёння раскажыце, ці задавальняе гэта беларускі бок (мы, вядома, залішне не павінны напружваць расіянаў: электрычнасці ў нас хапала і хапае, але дамова ёсць дамова) і ці дастатковыя тыя саступкі, якія зрабілі расіяне, «Расатам», для беларускага боку», — дадаў ён.

Беларускую АЭС пабудавалі за некалькі кіламетраў ад Астраўца і за 40 км ад Вільні. Работы па яе ўзвядзенні пачаліся ў 2011 годзе. Расія ў 2011 годзе выдала Беларусі крэдыт $10 млрд, які пакрывае 90% выдаткаў на будаўніцтва. Першапачаткова было заяўлена, што першы энергаблок увядуць у строй у канцы 2019-га. Але ў выніку запусцілі ў лістападзе 2020 года.

Першапачаткова пуск другога блока зрушыўся на 2021 год, але і на сёння ён не ўведзены.

Nashaniva.com