Уваход у мячэць Айя-Сафія ў Стамбуле стане платным для замежнікаў

Наведванні замежнікаў будуць платнымі з 15 студзеня.

31.10.2023 / 13:16

Фота: Francesco Ceco / AP

Уваход у мячэць Айя-Сафія (Святой Сафіі) у Стамбуле стане платным для замежных турыстаў з 15 студзеня 2024 года, паведаміў міністр турызму Турцыі Мехмет Нуры Эрсой, піша РБК.

«Наведванні замежнікаў будуць платнымі з 15 студзеня. Набажэнствы і наведванні будуць бясплатнымі для грамадзян Турцыі», — заявіў міністр.

Па словах міністра турызму, рашэнне турэцкіх уладаў звязана з рэкамендацыямі ЮНЕСКА. У самой мячэці павысіцца якасць экскурсій і набажэнстваў.

Сабор Святой Сафіі (цяпер мячэць Айя-Сафія) быў пабудаваны ў VI стагоддзі і доўгі час заставаўся сімвалам хрысціянства на Усходзе. Пасля захопу Канстанцінопаля Асманскай імперыяй у 1453 годзе яго перарабілі ў мячэць. З 1934 года храм працаваў у нейтральным статусе музея. У ім былі захаваныя і хрысціянскія, і мусульманскія элементы.

У ліпені 2020 года Дзяржсавет Турцыі адмяніў рашэнне, якое ператварыла Святую Сафію ў музей, улады вярнулі ёй статус мячэці. Пасля таго як прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган падпісаў указ аб змене статусу сабора, Грэцыя прыстрашыла Турцыю санкцыямі.

Афіцыйны прадстаўнік грэцкага ўрада Стэліяс Пецас назваў гэтае рашэнне «гістарычнай памылкай». «Любы, хто парушае міжнароднае права, павінен разумець, што за такое правапарушэнне існуюць балючыя санкцыі», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

У Стамбуле сотні тысяч людзей выйшлі на акцыю ў падтрымку Палесціны. Эрдаган выступіў з прамовай, у якой назваў ізраільскія ўлады «ваеннымі злачынцамі»

Nashaniva.com