75-гадовая італьянка звярнулася ў суд, каб выселіць з дома сваіх дарослых сыноў
Старэйшаму дзіцяці жанчыны 45 гадоў, а малодшаму — 42. Прэтэнзіі ў маці ўзніклі праз тое, што сыны не хацелі з'язджаць з бацькоўскага дому, але пры тым і не дапамагалі ёй па гаспадарцы, не ўкладваліся ў сямейны бюджэт, хаця ў абодвух мужчын ёсць праца.
31.10.2023 / 14:23
Жанчына звярнулася ў суд, які стаў на яе бок. Яе сыны спрабавалі спаслацца на італьянскае заканадаўства, па якім бацькі павінны падтрымліваць сваіх дзяцей нават пасля паўналецця. Аднак суддзя палічыла, што мужчыны ўжо занадта дарослыя і павінны самастойна сябе забяспечваць. Суд абавязаў іх з'ехаць ад маці да 18 снежня.
Гэтая праблема нярэдкая для Італіі. Дарослых, якія жывуць з бацькамі, называюць bamboccioni (вялікія дзеці). Паводле выдання The Guardian, у 2022 годзе амаль 70% насельніцтва краіны ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў жылі з бацькамі, прычым сярод мужчын гэта сустракаецца часцей.