Экс-гульца зборнай Расіі арыштавалі з паўкілаграма наркотыкаў
Паліцыя паведаміла, што Аляксей Бугаёў атрымаў наркатычныя рэчывы з дапамогай знойдзенай на вуліцы закладкі.
01.11.2023 / 09:59
Аляксей Бугаёў. Фота: Championat.com
42-гадовага былога футбаліста Аляксея Бугаева затрымалі ў Краснадары, дзе выявілі пры ім каля 495 грам мефедрону, паведамляе тэлеграм-канал Mash.
Паліцыя ўстанавіла, што Аляксей Бугаёў атрымаў наркатычныя рэчывы з дапамогай знойдзенай на вуліцы закладкі. На Аляксея заведзеная крымінальная справа аб замаху на збыт у асабліва буйным памеры.
Пры затрыманні Бугаёў аказаў супраціў паліцыянтам, за што атрымаў сем сутак зняволення ў СІЗА за непадпарадкаванне.
Футбаліст з'яўляецца выхаванцам маскоўскага «Тарпеда». Таксама ён выступаў за «Томь», «Лакаматыў», «Хімкі» і «Краснадар», пасля чаго завяршыў кар'еру ў 2010 годзе. У 2004-2005 гадах гулец правёў сем матчаў за зборную Расіі.
Пасля завяршэння кар'еры асеў у Краснадары, дзе выпіваў і збіраў макулатуру, дадае Mash.
Бацька Аляксея Іван Бугаёў пацвердзіў Championat.com, што яго сын затрыманы ў Краснадары.
«Ёсць такая справа, так. Затрыманы за непадпарадкаванне на дадзены момант. Сувязі з ім цяпер няма. Аляксеева жонка мне патэлефанавала. Ужо робім пэўныя дзеянні. А што ў тэлеграм-каналах пішуць? 500 грам наркотыкаў? Калі вы ў курсе, зараз у Краснадарскім краі праводзяцца мерапрыемствы. У двух словах — ён трапіў пад раздачу. У сутнасці, невінаваты. Апынуўся не ў той час не ў тым месцы», — сказаў Іван Бугаёў.
Чытайце таксама:
Чэмпіянат свету па футболе ў 2034 годзе прыме Саудаўская Аравія
Жэрар Піке грымнуўся ў двухметровую яму, размаўляючы па смартфоне
Гульца зборнай Італіі дыскваліфікавалі на 10 месяцаў з-за ставак. Ён вінны крэдыторам €3 мільёны