У Гомелі ратавальнік падчас нырання знайшоў косткі старажытнай жывёлы
Тэорыі былі розныя: мамант, алень, бізон ці нават насарог. Па дапамогу ў вызначэнні прыналежнасці костак Асвод звярнуўся ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. І там праяснілі знаходку.
01.11.2023 / 10:29
Фота: Асвод
30 кастрычніка пры правядзенні трэніровачных апусканняў вадалаз Заходняй выратавальнай станцыі Аляксей Яшкін выявіў на дне ракі Сож два прадметы, падобныя да костак. Яны знаходзіліся на глыбіні некалькіх метраў і былі пакрытыя часткова глеем. Косткі ўдалося падняць і даставіць на сушу, паведамляе мясцовая суполка Асвода.
Тэорыі былі розныя: мамант, алень, бізон ці нават насарог. Па дапамогу ў вызначэнні прыналежнасці костак Асвод звярнуўся ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Фота: Асвод
«Знойдзеныя парэшткі належаць бізону, які мог тут жыць 10-20 тысяч гадоў таму. Адна з іх — локцевая костка разам з прамянёвай, а другая — частка груднога пазванка», — распавёў загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Юрый Панкоў.
Таксама, са слоў спецыяліста, на ўскраінах Гомеля знаходзілі косткі ляснога слана, мамантаў, насарогаў, паўночных аленяў і нават пячорнага льва. Больш за ўсё знаходак было ў 2000-я гады — падчас будаўніцтва новага мікрараёна Шведская горка.
Фота: Асвод
Часцей за ўсё астанкі ў выглядзе костак і нават цэлых чэрапаў знаходзілі ў рэчышчах і намытым пяску з вадаёмаў, так як гэта — адно з найлепшых асяроддзяў, у якой добра захоўваюцца косткі.
Знаходкі былі перададзеныя ў музей.
Фота: Асвод