Залежнасць ад «Вайлдберыз»: тэма для жартаў ці сапраўдная праблема?
Тэма залежнасці ад «Вайлдберыз» стала адной з самых папулярных для жартаў у тыктоку. «Пачала рабіць замовы на розныя пункты выдачы, бо сорамна рэгулярна хадзіць у той, што побач з домам». Ці сапраўды праблема сапраўды існуе? Спрабуем разабрацца разам з аматаркамі шопінгу на «Вайлдберыз» і псіхолагам.
02.11.2023 / 16:21
Фота носіць ілюстрацыйны характар, крыніца:mobillegends.net
Пакуль адны блогеры здымаюць распакоўкі рэчаў, якія яны набылі на маркетплэйсе, іншыя ці то жартам, ці то сур'ёзна просяць зрабіць так, каб было магчыма забараніць сабе анлайн-шопінг (напрыклад, з 2013 года чалавек можа напісаць заяву з патрабаваннем не пускаць сябе ў ігральныя ўстановы краіны).
— Я нават не магу згадаць, калі шопінг на «Вайлдберыз» стаў амаль неад’емнай часткай майго жыцця, — распавядае Ксенія. — Раней выкарыстоўвала дадатак маркетплэйсу, калі мне была лянота хадзіць па крамах і шукаць нешта. А зараз раблю замовы амаль штодзённа — у мяне добрая зарплата, я жыву адна, таму з-за маіх трат ніхто не пакутуе.
Але калі я пачала рабіць замовы на розныя пункты выдачы (бо мне сорамна рэгулярна хадзіць у той, што побач з домам — мне здаецца, што супрацоўнікі ўжо ведаюць мяне і смяюцца з майго шапагалізму), то зразумела, што ёсць праблема.
Мабыць, трэба ўжо казаць пра залежнасць. Калі ў мяне нейкі стрэс — напрыклад, канфлікт на працы ці я з сястрой пасварылася, я адчуваю, што мне патрэбна нешта тэрмінова замовіць.
Маргарыта кажа, што пачала завісаць на «Вайлдберыз», калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Калі ўвесь дзень у цябе на руках дзіця, тэлефон застаецца амаль што адзіным варыянтам хоць як-небудзь пераключыцца.
— Я карміла грудзямі і паралельна глядзела нешта ў тэлефоне — спачатку гэта былі сацсеткі, я падсела на некаторых блогерак у інстаграме і тыктоку. Яны часта рэкламуюць тавары «Вайлдберыз» — нават артыкул рэчы пазначаюць. Я захаджу, пачынаю чытаць водгукі, глядзець фоты… Звычайна кладу рэч у «кошык» — набываю рэдка, бо прыбыткі ў нашай сям’і зараз не вялікія.
Але ж кожны дзень праглядваю, што ў мяне ў «кошыку», манітору, як змяняецца кошт. Гэта зацягвае. Зараз, калі раптам выпадае вольныя паўтары-дзве гадзіны, я хутчэй не фільм нейкі гляну, а буду маніторыць «Вайлдберыз».
Святлана адзначае, што ўжо сама спрабуе спыніцца, але не атрымоўваецца — жанчына кажа, што нават перастаць паліць было значна прасцей. Яна ўжо некалькі разоў выдаляла дадатак, але потым зноў усталёўвала. Кажа, што не хапае сілы волі, таму яна купляе ўсё — і што трэба, і што не трэба. Пры гэтым, ёй падабаецца рабіць замовы, а вось выкупляць — не. Жанчына кожны раз адчувае віну, бо змарнавала грошы.
— Зараз мне яшчэ скінулі тэлеграм-канал, дзе людзі дзеляцца тым, што танна набылі на «Вайлдберыз», — скардзіцца Святлана, — І ўсё, я гатова там сядзець увесь вольны час. Пакуль атрымалася забараніць сабе глядзець у дадатак, калі я на працы.
Як змагацца з такой праблемай мы запыталі ў псіхолага (імя не называецца ў мэтах бяспекі).
— Увогуле, шапагалізм (не толькі анлайн) звычайна сведчыць аб тым, што чалавек спрабуе нечым заткнуць свае эмацыйныя дзюркі.
Сам факт таго, што мы можам нешта набыць, дае ілюзію таго, што мы кантралюем сваё жыццё, свае эмоцыі. Для кагосць гэта сродак хоць неяк зрабіць будні больш разнастайнымі. У большасць людзей дні падобныя: дом-праца-дом, сіл не хапае на нейкія актыўнасці. А пакупкі дадаюць нейкія колеры вось у гэтую шэрасць.
Спецыяліст кажа, што небяспека маркетплэйсаў у тым, што яны даступныя ўвесь час. У звычайных магазінаў ёсць працоўныя гадзіны, плюс, каб у іх пайсці, трэба знайсці час. З дапамогай таго ж дадатку «Вайлберыз» вы можаце замовіць нешта нават пасярод ночы, калі проста ўсталі, каб у прыбіральню схадзіць.
— Распакоўшчыкі дадаткаў маркетплэйсаў добра знаёмыя з псіхалагічнымі «фішкамі». З дапамогай розных акцый, яны даведваюцца, які псіхалагічны кошт нейкай рэчы для канкрэтнага рэгіёну — і прапаноўваюць вам яго. Яны разумеюць, у які момант трэба крыху панізіць кошт для таго, каб вы ўсё ж зрабілі замову — нават калі вам нічога не трэба, але ж рэчы ў «кошыку» прывабліваюць вашу ўвагу.
Вы атрымліваеце асалоду ад таго, што набылі нешта танней, чым яно каштавала першапачаткова. Так і фармуецца дафамінавая залежнасць — вам хочацца зноў і зноў атрымаць лёгкі дафамін. У прынцыпе, прыкладна такая ж мадэль у чалавека, які гуляе, напрыклад, у рулетку.
Стваральнікі маркетплэйсаў ведаюць, што ў большасці выпадкаў людзі ахвотна купляюць нейкія не вельмі дарагія рэчы. Таму іх задача — матываваць вас купіць як мага больш дробязяў. Псіхалагічна людзям лягчэй патраціць грошы не на адну вялікую пакупку, а на мноства дробных — тады з'яўляецца ілюзія, быццам выдаткавана было не вельмі шмат. Хаця выніковая сума можа быць значна большая за тую, якую чалавек патраціў бы на адзін дарагі тавар.
— Грае сваю ролю і спрашчэнне пакупак. Уявіце: калі вы стаіце на касе ў звычайнай краме, вам трэба дастаць гаманец — гэта своеасаблівы рытуал развітання з грашыма. На маркетплэйсе вы ніяк не адчуваеце, што развітваецеся з грашыма — картка ж звычайна прывязана да вашага акаўнта. З'яўляецца ілюзія таго, што вы нічога не траціце.
Псіхолаг кажа: шмат хто з аматараў анлайн-шопінгу атрымлівае асалоду ў момант, калі кладзе нейкія рэчы «ў кошык» — ён радуецца таму, што можа сябе нешта дазволіць.
— Калі вы заўважылі, што шмат грошай марнуеце на маркетплэйсах, першае, што я раю зрабіць — гэта падумаць, якіх эмоцый вам у жыцці не хапае і як вы можаце іх атрымоўваць без анлайн-шопінгу. Па другое, я раю ісці на маркетплэйс, як і ў звычайную краму, са спіскам таго, што вам патрэбна. Бо на тым жа «Вайлдберыз» як толькі вы кладзяце ў «кошык» нешта адно, вам адразу прапануюць яшчэ нейкія рэчы — і вось у гэты момант важна не нарабіць імпульсіўных пакупак.
Калі вас зацікавіла нешта па-за спісам, не набывайце адразу. Адкладзіце ў «кошык» і вярніцеся да гэтай думкі праз некалькі дзён. І я вельмі рэкамендую рэгулярна чысціць той самы «кошык», каб пазбегнуць лішніх спакус. Прайшоў тыдзень і вы не набылі рэч? Выдаляйце яе.
Маркетынг маркетплэйсаў даволі агрэсіўны і простаму чалавеку складана яму супрацьстаяць. Можаце выдзеліць камфортную для сабе суму на месяц на шопінг для фану — напрыклад, 100 рублёў — і ні пры якіх умовах не перавышайце яе. Тут як з дыетамі: калі вы сябе жорстка ўсё забароніце, то зрыў непазбежны.
Чытайце таксама:
«Вайлдберыз» прапаноўвае беларускам капсулы для «аднаўлення цнатлівасці»
«Вайлдберыз» абакралі больш чым на паўмільярда расійскіх рублёў