Карпенка — вайскоўцам: Мы павінны паставіць заслон знешняму ўмяшанню ў перыяд электаральных кампаній

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка сустрэўся сёння з актывам Мінабароны, дзе распавёў пра будучыя электаральныя кампаніі. 25 лютага ў Беларусі павінен упершыню прайсці Адзіны дзень галасавання: адбудуцца парламенцкія выбары і выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў.

02.11.2023 / 12:37

Парламенцкія выбары ў 2019 годзе. Фота: «Наша Ніва»

Ён сказаў, што 25 лютага 2024 года пры правядзенні Адзінага дня галасавання выбары не скончацца. На працягу 60 дзён будуць абраныя члены Савета Рэспублікі і дэлегаты «Усебеларускага народнага сходу.

Важным пытаннем Ігар Карпенка назваў падтрыманне электаральнага суверэнітэту і бяспекі падчас правядзення выбарчай кампаніі.

«Выбары мы праводзім для сваёй краіны, і, вядома, мы павінны паставіць пэўную заслону і знешняму ўмяшанню, і магчымым спробам дэстабілізацыі працы камісій, участкаў для галасавання ў перыяд галасавання і наогул стварэння нейкай напружанай абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі. Грамадзяне павінны ў свабоднай форме выказаць сваё волевыяўленне і выбраць таго кандыдата, якога лічаць патрэбным», — сказаў Карпенка.

Пытанні электаральнага суверэнітэту і электаральнай бяспекі важныя яшчэ з пункту гледжання абмеркавання канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, адзначыў кіраўнік ЦВК.

«Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі рыхтуецца. Пра гэта таксама сёння ішла размова, і меркаванне прафесіяналаў, тых, хто мае прамое дачыненне да фарміравання канцэпцыі і гарантаванне нацыянальнай бяспекі, вядома, вельмі важна. Гэта ўзаемадзеянне і разуменне, ці ўсё мы ўлічылі, якія заканадаўчыя навацыі, магчыма, будуць выкарыстоўвацца на практыцы, а якія яшчэ трэба дадаць у той ці іншай форме, каб забяспечыць свабоднае і бяспечнае правядзенне выбараў», — дапоўніў ён.

Нагадаем, што масавыя мірныя пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года былі жорстка задушаныя, а рэпрэсіі супраць нязгодных працягваюцца і па сёння.

Nashaniva.com