У цэнтры Полацка знеслі палову сквера

Значная колькасць дрэваў была спілаваная дзеля рэканструкцыі пажарнай часці ў скверы па цэнтральным праспекце Францыска Скарыны ў Полацку. Кампенсаваць іх будуць традыцыйна — туямі ў зусім іншым раёне.

02.11.2023 / 16:42

Знесеныя частка сквера. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Рэканструкцыя будынка пажарнай часці па па вуліцы Энгельса, 8 па праекце «Віцебскграмадзянпраекта» пачалася ў верасні гэтага горада. Будынак быў пабудаваны ў канцы XIX — першай чвэрці ХХ стагоддзя як махорачная фабрыка Рыўліна і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Рэканструкцыя фрагмента страчаных разбураных гандлёвых радоў на месцы сквера. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Сквер узнік ужо ў пасляваенны час на месцы разбураных гандлёвых радоў. У 2003 годзе да Дня беларускага пісьменства тут быў пастаўлены помнік асветніку Сімяону Полацкаму працы скульптара Аляксандра Фінскага.

Інфармацыя са справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Інфармацыя пра тое, што ў час рэканструкцыі будуць выдалены 23 дрэвы, з якіх 17 лістава-дэкаратыўных і 6 хваёвых, а таксама два кусты, прысутнічала ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб'екце, якое ўлетку 2022 года выносілася на грамадскае абмеркаванне. Але адшукаць у дакуменце на 75 старонак абывацелю менавіта гэты радок досыць складана.

Спілаваныя дрэвы перад будынкам пажарнай часці. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Паводле беларускага заканадаўства выдаленыя дрэвы і кусты мусяць быць кампенсаваны іншымі пасадкамі. Але спецыфіка ў тым, што гэтыя пасадкі не абавязаны быць у тым жа раёне, дзе былі выдалены дрэвы. Атрымліваецца, што пакуль адны раёны гарадоў, звычайна цэнтральныя, з найбольш каштоўнай зямлёй, лысеюць, іншыя актыўна засаджваюць. Гэтак жа Полацкім райвыканкамам месца для кампенсацыйных пасадак вызначаны бульвар паміж шматкватэрнымі дамамі па праспекце Міру, які знаходзіцца ў раёне «Аэрапорт» на ўскраіне горада.

Пашпарт аб'екта. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»

Паўнавартасныя дрэвы будуць кампенсаваныя 62 саджанцамі туі заходняй, а кусты — 6-цю ядлоўцамі казацкімі. Большасць з іх, як паказвае практыка, не прыжывецца, але за гэтым ніякага кантролю ў Беларусі няма. Экаактывісты і ўрбаністы даўно заклікаюць адмовіцца ад пасадак туй у гарадах, таму што гэты немясцовы від дрэнна прыжываецца ў нашым клімаце, але зелянбуды і мясцовыя ўлады іх не чуюць. 

Чытаць таксама:

Зацвердзілі ахоўныя зоны гістарычнага цэнтра Полацка

Актывісты б’юць трывогу: рэканструкцыя кінатэатра «Масква» незаконная

У Магілёве пад новы корпус бальніцы высеклі лес, які раней быў абвешчаны заказнікам

Nashaniva.com