Піневіч назваў пяцігадовую адпрацоўку пасля ардынатуры справядлівай

Міністр аховы здароўя пракаментаваў павелічэнне тэрміну адпрацоўкі пасля ардынатуры.

02.11.2023 / 16:32

У заканадаўства аб ахове здароўя ўносяцца змены наконт ардынатуры. Тэрміны праходжання падрыхтоўкі ў ардынатуры складуць ад двух да пяці гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці. Дактары, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры ў вочнай і завочнай форме за кошт бюджэту, будуць падлягаць размеркаванню ў дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя з адпрацоўкай абавязковага тэрміну не меншага за пяць гадоў.

«Тэрміны ардынатуры падоўжаныя, уваход на некаторыя спецыяльнасці будзе толькі праз ардынатуру. Думаю, справядліва, калі ты атрымліваеш высокатэхналагічную спецыяльнасць за кошт бюджэту і табе дзяржава дае магчымасць стаць высокага класа спецыялістам, якім становяцца на Захадзе за значна даўжэйшы час, адпрацаваць гэты тэрмін у той установе аховы здароўя, куды цябе пашле радзіма, па спецыяльнасці, якую абраў», — цытуе Піневіча БелТА.

Паводле яго слоў, гэта робіцца зыходзячы з таго, што падрыхтоўка медыкаў, як і любых іншых спецыялістаў, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, дастаткова затратная для дзяржавы. Міністр таксама звярнуў увагу на праблему недахопу кадраў у медыцынскай галіне, але адзначыў, што гэта датычыцца не толькі Беларусі.

Ён таксама нагадаў, што ў краіне ўжо даўно існуе мэтавая падрыхтоўка будучых медыкаў, адпрацоўка пасля якой — пяць гадоў.

Чытайце таксама:

Пяць гадоў пасля ардынатуры, вялікія грошы кампенсацыі. Лукашэнка ўвёў прыгон для медыкаў 

«Ці варта пападаць у кабалу на 5 гадоў пасля ардынатуры?» Медыкі выказаліся пра новаўвядзенні ў закон для іх

БДМУ сёлета набіраў больш мэтавікоў і змяніў правілы гульні

Nashaniva.com