На лецішчы ля Гродна суседскі сабака загрыз памеранскага шпіца
Цела шпіца знайшлі далёка ад хаты ў кукурузным полі. Гаспадары звярнуліся ў міліцыю, але вынесеная пастанова іх здзівіла, паведамляе блог s13.ru.
02.11.2023 / 18:28
Памеранскі шпіц
23 верасня на лецішчы ў садовым таварыстве «Аўтамагнітола» вялікі суседскі сабака напаў на іх памеранскага шпіца:
— Рычы быў сямейнікам, шэсць гадоў жыў у кватэры з бацькамі і быў улюбёнцам усіх, асабліва нашых дзяцей, — распавядае гарадзенка. — На нашым участку былі знятыя вароты на рамонт, і да нас прыбег суседскі сабака. Зразумела, што наш шпіц ускочыў ахоўваць тэрыторыю, а суседскі сабака схапіў за шыю Рычы і пачаў уцякаць з ім.
Каля кіламетра гаспадары беглі за сабакамі, спрабуючы выратаваць шпіца. Але потым суседскі сабака схаваўся з ім у кукурузным полі:
— Мы выклікалі міліцыю. Прыехаў участковы і аформіў пратакол. Сказаў, што гаспадар сабакі атрымае, хутчэй за ўсё, «адміністрацыйку» і штраф за ўтрыманне. Пазней, як з'ехаў участковы, мы пайшлі прачэсваць поле, і знайшлі нашага сабаку…
У пачатку кастрычніка гаспадары шпіца атрымалі паперу аб выніках праверкі міліцыі, дзе пазначана, што «справа аб адміністрацыйным правапарушэнні спыненая». Гаспадары вызваленыя ад адміністрацыйнай адказнасці, у дачыненні да іх вынесена папярэджанне.
— Гаспадары — пенсіянеры. Жывуць на лецішчы цэлы год, участак у іх — крайні. Як сказала гаспадыня, сабаку яны ўзялі для аховы ўчастка ад ліс. Але сабака іх не зарэгістраваны, прышчэпак, наколькі мне вядома, яны не зрабілі. Дагэтуль асабіста нават ніхто з іх не прыходзіў да нас. Толькі два разы тэлефанавалі і пыталіся пра кампенсацыю, а як атрымалі ліст з міліцыі — так і зусім зніклі.
Цяпер гаспадары Рычы плануюць ісці ў суд.
***
За парушэнне ўстаноўленых правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, пры гэтым калі парушэнне правілаў утрымання жывёл пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей альбо маёмасці, адказнасць будзе больш строгай, паколькі зыходзячы з характару і ступені грамадскай шкоднасці такое адміністрацыйнае правапарушэнне прызнаецца грубым.
Парушэнне правілаў утрымання жывёл цяпер можа пацягнуць накладанне штрафу ад 1 да 15 базавых велічынь (37-555 рублёў). У выпадках, калі парушэнне пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей або маёмасці, на ўладальніка можа быць накладзены штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (370-1100 рублёў), або прызначаныя грамадскія працы, або прыменены адміністрацыйны арышт.
Асоба, якая ўчыніла парушэнне правілаў утрымання жывёл, можа быць вызвалена ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем яму папярэджання пры выкананні адначасова наступных умоў:
— асоба прызнала факт здзяйснення ім адміністрацыйнага правапарушэння і выказала згоду на вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання;
— на працягу аднаго года да здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння на асобу не накладалася адміністрацыйнае спагнанне і асоба не вызвалялася ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання за такое ж адміністрацыйнае правапарушэнне;
— пры наяўнасці шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю ў выніку здзяйснення дадзенага адміністрацыйнага правапарушэння, асоба добраахвотна кампенсавала такую шкоду да абвяшчэння пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.