Школьнікі абменьваліся дыпфэйкавымі порна сваіх аднакласніц. І іх не змаглі пакараць
Анлайн-інструменты на аснове штучнага інтэлекту прывялі да пашырэння сярод школьнікаў новай «забавы», пакарання за якую пакуль што не існуе.
02.11.2023 / 23:59
Як піша The Wall Street Journal, шырокі розгалас атрымаў выпадак, які адбыўся ў школе ў багатым прыгарадзе Нью-Ёрку Уэстфілдзе (штат Нью-Джэрсі). Дзяўчаты даведаліся аб тым, што хлопцы дзеляцца ў групавых чатах дыпфэйкавымі порна з выявамі сваіх аднакласніц.
Аднак вінаватыя пакуль не панеслі ніякага пакарання. Да таго ж, стаўленне бацькоў да гэтага выпадку таксама падзялілася. Адны патрабуюць суровага пакарання вінаватых, спасылаючыся на тое, што іх дочкі адчувалі сябе зняважанымі. Другія лічаць, што гэта проста падлеткавы прыкол, які можна пакінуць без увагі.
Справай занялася паліцыя, а сенатар штата папрасіў пракурора акругі разабрацца ў ёй.
Чаму падлеткам удаецца ствараць порна-дыпфэйкі
Як распавёў выданню Бэн Колман (Ben Colman) — выканаўчы дырэктар кампаніі Reality Defender, якая дапамагае розным установам і фірмам выяўляць фэйкавыя выявы, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту (ШІ), нягледзячы на тое, што генератары выяваў ад такіх кампаній, як OpenAI, Dall-E і Adobe’ s Firefly маюць настройкі мадэрацыі, якія забараняюць карыстальнікам ствараць порнавыявы, на прасторах інтэрнэту існуе шмат інструментаў, якія дазваляюць замяніць твар ці «зняць адзенне».
Па словах Колмана, паколькі гэтыя службы выкарыстоўваюць агульнадаступнае праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам, вельмі цяжка, калі не немагчыма забяспечыць рэалізацыю мадэрацыі і выканання тэхнічных абмежаванняў.
Больш за 90% такіх падробленых выяваў складаюць порна-дыпфэйкі. Пры гэтым, па словах эскпертаў, для чалавечага вока амаль немагчыма адрозніць рэальны здымак ад падробкі. Папулярныя сацыяльныя сеткі кшталту SnapChat і TikTok, абавязаліся працаваць з урадавымі органамі, каб спыніць распаўсюд такіх выяваў.
Што рабіць з порна-дыпфэйкамі?
Эксперты адзначаюць, што кейс, звязаны з дыпфэйкамі, настолькі новы, што федэральнае заканадаўства пакуль не распрацаванае. Толькі ў асобных штатах (Вірджынія, Каліфорнія, Мінесота і Нью-Ёрк) забаронены распаўсюд дыпфэйкавага порна, а ахвяры маюць права падаць у суд на яго стваральніка.
Спецыялісты адзначаюць, што ў выпадку дыпфэйкавых выяваў са школьніцамі могуць быць выкарыстаны законы, якія тычацца матэрыялаў аб сэксуальным насіллі над дзецьмі і забараняюць сэксуальныя сцэны з выявамі непаўналетніх.
Як паведамляе выданне, на гэтым тыдні адміністрацыя Байдэна ў рамках урадавай пастановы аб штучным інтэлекце заклікала прадухіліць выкарыстанне генератыўнага ШІ для стварэння матэрыялаў, якія змяшчаюць сцэны сэксуальнага гвалту над дзецьмі або «няўзгодненыя інтымныя выявы рэальных людзей».
Выданне згадвае, што ў ЗША ўжо адбыўся адзін судовы працэс, звязаны з дыпфэйк-порна, на якім паказаныя старшакласніцы.
У красавіку гэтага года 22-гадовы жыхар Лонг-Айленда быў прысуджаны да шасці месяцаў турмы за тое, што стварыў і размясціў фэйкавыя выявы дзяўчат са сваёй былой школы, а таксама асабістую інфармацыю пра іх. Арыгінальныя фатаграфіі былі зроблены, калі дзяўчаты вучыліся ў сярэдняй і старшай школе.
Па словах адной з пацярпелых вучаніц школы ў Уэстфілдзе, апісаны выпадак прымусіў яе аднакласніц перагледзець сваё стаўленне да таго, што яны размяшчаюць у інтэрнэце, улічваючы, што немагчыма пракантраляваць будучае выкарыстанне здымкаў. Некаторыя, па яе словах, выдалілі свае ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках.
Выпадак са школьнікамі ў Уэстфілдзе не адзіны. У верасні гэтага года паведамлялася аб падобным выпадку ў маленькім правінцыйным горадзе Іспаніі Альмендралехо. Там пацярпелі амаль 30 дзяўчат ад 11 да 17 гадоў. Вінаватымі былі прызнаны 11 хлопчыкаў 12—14 гадоў. Аднак з-за адсутнасці заканадаўчых нормаў цяжка класіфікаваць тое, што яны нарабілі, і прызначыць пакаранне.
Чытайце яшчэ:
Як у Францыі спрабуюць абмежаваць доступ непаўналетніх да парнаграфіі