Следчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненні службовых асоб Латвіі

асцярожна, жорсткае фота!

«Службовыя асобы Латвіі адкажуць за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва», — зазначаюць у беларускім ведамстве.

03.11.2023 / 12:01

Фота: СК

«Найміты ў форме на латвійскай мяжы вызначыліся сваёй асаблівай жорсткасцю і азвярэннем у адносінах да мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у краіны Еўрасаюза праз Прыбалтыку. У парушэнне патрабаванняў міжнародных дагавораў, у тым ліку Канвенцыі аб статусе бежанцаў, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, паслядоўнікі еўрафашызму на сістэмнай аснове ажыццяўляюць незаконную дэпартацыю, акты жорсткасці і гвалту, узброенае выцясненне, катаванні і здзекі ў дачыненні да. Некаторыя ахвяры паміраюць у спробах перасячы мяжу, а іх целы выкідваюць за плот карныя батальёны Еўрасаюза», — паведамляе СК, заяўляючы, што ахвярамі сталі ўжо 12 чалавек.

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта заведзена крымінальная справа па арт.128 (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, гаворыцца ў паведамленні СК.

Днямі Дзяржаўная памежная ахова Латвіі (ДПАЛ) заявіла пра адваротнае.

27 кастрычніка латвійскія памежнікі ля дзяржаўнай мяжы на беларускім баку заўважылі групу людзей, якія пераносілі цела на самаробных насілках.

Каб прадухіліць магчымае незаконнае перасячэнне мяжы, латвійскія памежнікі накіраваліся на месца здарэння, дзе ўбачылі, што да латвійскай мяжы прынеслі чалавека і пакінулі яго ляжаць на зямлі, а побач з ім паклалі яшчэ аднаго без прыкмет жыцця. Эскалацыі не адбылося, і праз некаторы час беларускія памежнікі забралі целы, паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі.

Nashaniva.com