Памёр Алег Пратапопаў
Двухразовыя алімпійскія чэмпіёны, ён са сваёй жонкай Людмілай Белавусавай кінулі выклік савецкай сістэме.
03.11.2023 / 19:10
Людміла Белавусава і Алег Пратапопаў. Фота: Bettmann, Getty Images
Памёр двухразовы алімпійскі чэмпіён па фігурным катанні Алег Пратапопаў. Яму быў 91 год. Пра гэта паведамляе выданне The Skating Lesson.
Пратапопаў выступаў у пары з Людмілай Белавусавай — яны выйгралі дзве алімпіяды (у Інсбруку і Грэноблі), а таксама сталі чатырохразовымі чэмпіёнамі свету.
Пратапопава і Белавусаў не хацелі жыць у несвабодзе і ў 1979 годзе, будучы на гастролях у Швейцарыі, адмовіліся вяртацца ў СССР і папрасілі палітычны прытулак. Гэта быў вялікі маральны ўдар па брэжнеўскім рэжыме.
Пасля яны жылі на дзве краіны: зімы бавілі ў швейцарскім Грындэльвальдзе, а леты — у Лэйк-Плэсідзе.
Пратапопаў змог вярнуцца на радзіму толькі праз 23 гады.
Белавусава памерла ў 2017-м, ён перажыў яе на 6 гадоў. Яны былі бясконца адданыя фігурнаму катанню: нават не сталі заводзіць дзяцей, каб не перарываць кар'еры.