Знешняя разведка цяпер будзе прадухіляць шкоду з боку «тэрарыстаў і экстрэмістаў» за мяжой
Гаворка пра асобы і арганізацыі, абвешчаныя рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі», паведамляе Reform.by.
04.11.2023 / 18:35
Фота: прэс-служба АДКБ
Аляксандр Лукашэнка ўказам № 344 ад 2 лістапада ўнёс змены ва ўказ № 116 ад 25.03.2003 года «Аб пытаннях знешняй разведкі». 4 лістапада дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу адразу пасля апублікавання.
Ва ўказе вылучаная галоўная мэта знешняй разведкі. Гэта «выключэнне раптоўнасці ўзнікнення за межамі Рэспублікі Беларусь пагроз нацыянальнай бяспецы і своечасовае забеспячэнне кіраўніцтва краіны неабходнай інфармацыяй для прыняцця адпаведных рашэнняў».
У пералік асноўных задач знешняй разведкі цяпер дададзена «рэалізацыя папераджальных мер па недапушчэнні шкоды нацыянальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку спецыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, арганізаваных злачынных груп і асобных асоб».
Як вядома, у спіс экстрэмісцкіх арганізацый дададзеныя многія сродкі масавай інфармацыі, рэдакцыі якіх былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 2020 года і цяпер знаходзяцца за мяжой. Таксама ў гэты спіс уключаюць і асобных людзей.
У новай рэдакцыі таксама даецца азначэнне знешняй разведкі. Цяпер гэта «асаблівы від дзейнасці суб’ектаў знешняй разведкі, які прадугледжвае абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь шляхам здабывання і выкарыстання разведвальнай інфармацыі, а таксама аказання садзеяння дзяржаўным органам і арганізацыям у рэалізацыі мер у галіне палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь».
Раней у вызначэнні была прапісаная «абарона жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы».
Разведвальныя службы органаў дзяржаўнай бяспекі цяпер будуць весці разведку ва ўсіх сферах нацыянальнай бяспекі. Раней гэтыя сферы былі канкрэтызаваныя.
Разведвальныя службы Узброеных сіл будуць весці разведку ў вайсковай сферы, якая ўключае разведку ў вайскова-палітычнай, вайскова-стратэгічнай, вайскова-тэхнічнай, інфармацыйнай, вайскова-эканамічнай, вайскова-экалагічнай, вайскова-біялагічнай сферах. У новай рэдакцыі дададзеныя вайскова-стратэгічная, інфармацыйная і вайскова-біялагічная сферы.
Органы памежнай службы будуць займацца разведкай у сферы правядзення дзяржаўнай памежнай палітыкі ў інтарэсах аховы мяжы і гарантавання памежнай бяспекі.
Разведвальныя службы атрымліваюць паўнамоцтвы на «стварэнне легендарных арганізацый або іх падраздзяленняў, аператыўных улікаў, даведачных, інфармацыйных сістэм і электронных інфармацыйных рэсурсаў, неабходных для функцыянавання разведвальных службаў». Раней яны маглі толькі ўносіць прапановы «аб стварэнні арганізацый або іх падраздзяленняў, неабходных для функцыянавання разведвальных службаў».