У Ровенскай вобласці пабачылі вайсковую калону пад БЧБ-сцягамі. Што гэта было?
5 лістапада ў сеціве з'явіліся фота і відэа з калонай вайсковых джыпаў, пікапаў і грузавікоў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На транспарце таксама бачны нанесены шасціканцовы крыж Еўфрасінні Полацкай.
06.11.2023 / 12:28
Сцвярджалася, што відэа знята ў Ровенскай вобласці Украіны і што калона едзе ў бок беларускай мяжы. Гэты рэгіён мяжуе з Беларуссю ў раёне Пінска і Лунінца.
Хто арганізаваў рух гэтай калоны?
«Не ведаем, але прыгожа», — адказалі «Нашай Ніве» ў прэсавай службе Палка Каліноўскага.
«Гэта ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя — НН)», — патлумачыў нам Генадзь Манько, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.
Генадзь Манько. Фота: «Радыё Свабода».
На ўдакладняльнае пытанне, хто арганізаваў гэтую спецаперацыю і ці ўдзельнічалі ў ёй беларусы, Манько адказаў, што яму гэта невядома.
«Нашы добраахвотнікі шматзначна ўсміхаюцца», — адказаў Манько.