«Ён проста сіні ўжо». У Віцебску проста падчас трэш-стрыму памёр чалавек

У Віцебску некалькі гадоў існуе некалькі каналаў на ютубе пра жыццё мясцовых прыхільнікаў азартных гульняў. Паміж ролікам пра падарожжы, паходы на футбол і розныя даволі бяскрыўдныя актыўнасці, арганізатары ладзілі трэш-стрымы, падчас якіх удзельнікі за грошы пілі алкаголь і рабілі розныя заданні. Чарговая трансляцыя скончылася трагедыяй.

06.11.2023 / 12:47

Адзін з такіх каналаў называецца «Околоконторы», у ім крыху менш за 5 тысяч падпісчыкаў. Ён адгалінаваўся ад больш паспяховага канала «Джэнтльмены фартуны» з 56,5 тысяч, але героі ў абодвух каналаў адныя і тыя ж — віцебскія лудаманы і алкаголікі.

Учора ўвечары на канале праходзіў стрым, які скончыўся трагедыяй. У анонсе трансляцыі ўдзельнікі заяўлялі, што гатовыя за грошы рабіць любыя заданні, у тым ліку выпіць нагбом бутэльку гарэлкі.

Адзін з удзельнікаў зрабіў гэта і адразу страціў прытомнасць. Яго паклалі на канапу і працягнулі стрым. Праз працяглы час гледачы заўважылі, што чалавек пасінеў, але ніхто не рэагаваў.

Калі звярнулі ўвагу, было ўжо запозна. Запіс трансляцыі з каналу аператыўна выдалілі, але па тэлеграм-каналах распаўсюджваюцца відэа, як чалавека спрабуюць рэанімаваць.

Раніцай на каналах з'явіліся спачуванні з нагоды смерці Аляксея Куціса па мянушцы Шлюзберы.

Nashaniva.com