МУС Украіны пра мужчыну, які падарыў гранаты памочніку Залужнага: папярэджваў, што баявыя

Мужчына, які падарыў гранаты загінуламу памочніку галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага маёру Генадзю Часцякову, расказаў следству, што папярэджваў пра баяздольнасць гранат.

07.11.2023 / 14:09

 

«Чалавек, які верагодна падарыў гэтыя падарункі, прызнаўся. Ён папярэдзіў, што гранаты баявыя. Верагодна, загінулы не паверыў у гэтую інфармацыю», распавяла спікер МУС Украіны Марʼяна Рэва ў эфіры «Радыё Свабода».

Прозвішчы мужчыны, які Часцякову падарыў гранаты, не называецца. У ягоным кабінеце 6 лістапада правялі ператрусы.

Як сказала спікер МУС, факты гавораць пра тое, што калі Часцякоў трымаў гранату ў руках, ён, верагодна, не верыў, што яна баявая.

Спецпракуратура паведаміла аб пачатку расследавання па факце трагедыі. Паводле следства, 6 лістапада загінулы святкаваў свой Дзень нараджэння. Ён вярнуўся дадому з падарункамі ад калег, сярод якіх была падарункавая скрыня, у якой сярод іншага знаходзілася 6 гранат заходняга ўзору.

Адну з гранат узяў у рукі сын вайскоўца. Забіраючы ў дзіцяці гранату, афіцэр вырваў кальцо, адбыўся выбух.

39-гадовы маёр УСУ загінуў на месцы. Яго 13-гадовы сын шпіталізаваны з цяжкімі раненнямі, 11-гадовая дачка атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні.

На месцы здарэння праваахоўнікі канфіскавалі яшчэ 5 такіх гранат.

Падчас правядзення неадкладнага ператрусу ў калегі вайскоўца, які зрабіў гэты небяспечны «падарунак», былі канфіскаваныя 2 аналагічныя боепрыпасы.

Учора ў сваім доме пад Кіевам загінуў памочнік галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага Генадзь Часцякоў.

Першапачаткова былі паведамленні, што трагедыя адбылася ў выніку неасцярожнага абыходжання з боепрыпасам, але потым пайшла інфармацыя, што гэта была дыверсія — гранату даслалі ў падарунках.

Nashaniva.com