Міністр абароны Ізраіля: Салдаты ЦАХАЛ дзейнічаюць «у сэрцы Газы»

Таксама Ёаў Галант паведаміў, што бункер лідара ХАМАС у Газе акружаны.

08.11.2023 / 07:37

Ілюстрацыйнае фота. Fatima Shbair / AP 

Міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант сказаў у аўторак вечарам, што салдаты арміі абароны Ізраіля дзейнічаюць «у сэрцы горада Газа», паведамляе Бі-бі-сі.

Галант зноў заклікаў мірных жыхароў, якія застаюцца ў Газе, сыходзіць на поўдзень сектара.

Акрамя таго, ён паведаміў, што, паводле падлікаў ізраільскіх вайскоўцаў, у выніку ўдараў праз ізраільска-ліванскую мяжу забітыя ўжо прыкладна 70 баевікоў Хезбалы.

Пры гэтым міністр заявіў, што Ізраіль не зацікаўлены ў поўнамаштабнай вайне з Хезбалой, але гатовы да яе.

«[Лідар ХАМАС] Ях'я Сінвар у Газе памыліўся і вырашыў лёс ХАМАС і лёс Газы. Калі [лідар Хезбалы Хасан] Насрала зробіць памылку, ён вырашыць лёс Лівана», — прыгразіў міністр абароны.

Таксама Галант паведаміў, што лідар ХАМАС у сектары Газа Ях'я Сінвар знаходзіцца ў сваім бункеры ў рэгіёне і не мае сувязі з паплечнікамі. Ён паабяцаў ліквідаваць Сінвара.

Nashaniva.com