Спынілася сэрца. Памерла беларуская дызайнерка Ганна Краснер
Ганне Краснер было 43 гады. Дызайнерка памерла 5 лістапада. Інфармацыя пра яе смерць з'явілася 7 лістапада на яе старонцы ў інстаграме.
08.11.2023 / 09:54
Ганна Краснер. Фота: фэйсбук Ганны Краснер
«У яе спынілася сэрца, была хуткая, рэанімацыя ў бальніцы. Пахаванне будзе ў Варшаве, на праваслаўных могілках у раёне Воля. Інфармацыя пра час будзе пазней», — гаворыцца ў паведамленні.
Ганна Краснер — дызайнерка вясельных строяў. Пасля ўніверсітэта па размеркаванні працавала на фабрыцы «Вяснянка» ў Магілёве. Пасля вярнулася ў Віцебск, была канструктарам адзення ў вясельным салоне.
«Паспрабавала сябе ў ролі дызайнеркі, стварыўшы першую калекцыю з 4 сукенак, якія пры дапамозе знаёмых зняла на фота, а затым і прадала. Я рызыкавала страціць грошы, патрачаныя на матэрыялы. На шчасце, усё ўдалося», — распавядала яна выданню «Витебские вести».
Неўзабаве яна адкрыла ўласную «Майстэрню Ганны Краснер». Яе работы адзначаліся на конкурсах моды і прыгажосці.
13 ліпеня 2021 года Ганна напісала, што закрыла сваю вытворчасць у Беларусі.
«Проста прыйшоў час нешта мяняць… Мяняем», — патлумачыла Ганна.
Яна пераехала ў Польшчу.
«У мяне так часта пыталіся, чаму я больш не шыю сукенак, што пасля чарговага «чаму», я вырашыла, што так, я хачу паспрабаваць. Цяпер я шыю сукенкі. Пакуль не шмат, пакуль у якасці хобі (вельмі прафесійнага хобі) пару заказаў на месяц», — распавядала Ганна.
У кастрычніку яна напісала, што ўзяла ўдзел у найбуйнейшым у Польшчы вясельным кірмашы.
«Гэта быў мой першы паказ у Варшаве і першы ўдзел у такім маштабным мерапрыемстве. Я вельмі задаволеная, што наважылася на ўдзел і змагла прэзентаваць калекцыю для шырокай публікі», — напісала Ганна.