Высветлілася, колькі б грошай згубіла Беларусь за адзін дзень без інтэрнэту
Платформы AltasVPN і NetBlocks падлічылі, колькі б усёй планеце каштавала адключэнне мабільнага і хатняга інтэрнэту на адзін дзень. У аналізе таксама фігуруе і Беларусь.
08.11.2023 / 22:39
Ілюстрацыйная выява. Фота: «Наша Ніва»
Згодна з падлікамі буйнога VPN-сэрвісу AltasVPS, які выкарыстоўваў для аналізу даныя з платформы NetBlocks, адзін дзень без інтэрнэту каштаваў бы ўсяму свету ад 29 да 43 мільярдаў даляраў. Гаворка ідзе пра шкоду ад поўнага адключэння інтэрнэту (і мабільнага, і хатняга).
Вылічэнне патэнцыйных грашовых страт было заснавана на статыстыцы Сусветнага банка і эканамічных паказчыках краін за 2020 год.
Створаны даследчыкамі інструмент дазволіў вызначыць уплыў на эканоміку дзяржаў як поўнага адключэння інтэрнэту, так і асобных блакіровак папулярных сацыяльных сетак.
Інструмент таксама можа вылічваць шкоду ад страты інтэрнэту і для асобных краін. Напрыклад, Беларусь за адзін дзень без хатняга і мабільнага інтэрнэту, паводле даследчыкаў, можа згубіць больш за 26 мільёнаў даляраў (альбо 66,3 мільёнаў рублёў).
Калі ж казаць пра асобныя блакіроўкі сацсетак (Facebook, Twitter (X), YouTube, Instagram, WhatsApp), то ў кожным выпадку страты Беларусі могуць складаць амаль па мільёне даляраў за адзін дзень без інтэрнэту.
Ніжэй прыведзеная статыстыка тых краін свету, якія патэнцыйна губляюць больш за ўсё грошай у выпадку адключэння інтэрнэту.
Топ-10 краін з самымі высокімі патэнцыйнымі стратамі, калі б у іх на адзін дзень цалкам знік інтэрнэт. Крыніца: AtlasVPN / NetBlocks
Найменшыя страты, згодна з даследаваннем, панясуць такія краіны, як Тувалу, Кірыбаці, Маршалавы выспы, Науру і Мікранэзія. Шкода кожнай з гэтых краін не будзе перавышаць 50 тысяч даляраў за дзень без інтэрнэту.
Чытайце таксама:
Выйшаў рэйтынг краін з падаткаабкладаннем «як у пекле». Беларусь заняла там першае месца