Генпракуратура налічыла 16 тысяч «экстрэмісцкіх» злачынстваў з 2020 года

У Беларусі па-ранейшаму ідзе «праца па выяўленні і ліквідацыі арганізацый дэструктыўнай накіраванасці», а «калектыўны Захад працягвае спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі», заявіў на форуме генпракурораў краін ШАС у генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, перадае «Спутнік».

08.11.2023 / 16:13

Андрэй Швед. Фота: Генпракуратура

Швед лічыць, што ў 2020 годзе шэраг замежных дзяржаў распачалі спробу зрынуць уладу ў Беларусі.

З таго часу, паводле яго, у краіне зарэгістравалі больш за 16 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкага» характару.

Як сказаў Швед, у Беларусі па-ранейшаму працягваюць выяўляць і ліквідаваць арганізацыі дэструктыўнай накіраванасці. Многія прызнаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі. 

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў.

Nashaniva.com