Ватыкан дазволіў транссэксуалам прымаць хрышчэнне і быць хроснымі

Касцёл дазваляе гэта пры ўмове, што «не ўзнікне сітуацый, якія могуць выклікаць публічны скандал ці дэзарыентацыю сярод вернікаў».

09.11.2023 / 11:20

Фота: Georgio Borgia / AP

Рымска-каталіцкі касцёл выпусціў тлумачэнне ватыканскай Дыкастэрыі дактрыны веры, у якім гаворыцца, што транссэксуалы, як і любыя вернікі, могуць прымаць хрышчэнне, а таксама быць хроснымі бацькамі і сведкамі падчас шлюбу, паведамляе «Настоящее время».

Адзначаецца, што царква дазваляе гэта пры ўмове, што «не ўзнікне сітуацый, якія могуць выклікаць публічны скандал ці дэзарыентацыю сярод вернікаў».

Таксама ў Дыкастэрыі пазначана, што транссэксуал, як і гомасэксуал, можа быць сведкам падчас цырымоніі шлюбу. Для хрышчэння дзіцяці, якое выхоўваецца ў гомасэксуальных сем'ях, неабходна «абгрунтаваная надзея, што ён атрымае адукацыю ў каталіцкай рэлігіі».

Паводле рашэння Архіерэйскага сабора, Руская праваслаўная царква (РПЦ) не прызнае шлюбаў, укладзеных асобамі аднаго полу, а таксама не дапускае шлюбаў тых, хто змяніў пол. Гомасэксуал можа прыняць хрышчэнне, але пры ўмове, што чалавек «прыклаў усе намаганні, каб вызнаваць гэты грэх».

Nashaniva.com