Францыя знайшла расійскі след у графіці з зоркамі Давіда ў раёнах Парыжа. Што вядома
Па сцвярджэнні МЗС Францыі, расійская сетка пад назвай RRN (або Doppelgänger) першай пачала публікаваць фатаграфіі з зоркамі Давіда на дамах і актыўна спрыяла з'яўленню звязанага з гэтым грамадскага рэзанансу, піша Бі-бі-сі
10.11.2023 / 11:59
Фота: Michel Euler / AP
Міністэрства замежных спраў Францыі абвінаваціла Расію ў раздзіманні скандалу вакол графіці з зоркамі Давіда ў некалькіх раёнах Парыжа. Некаторыя лічаць гэта антысеміцкай акцыяй, і французскія ўлады сцвярджаюць, што звязаная з Расіяй сетка пачала актыўна распаўсюджваць фатаграфіі гэтых графіці ў інтэрнэце.
Па сцвярджэнні МЗС Францыі, расійская сетка пад назвай RRN (або Doppelgänger) першай пачала публікаваць фатаграфіі з зоркамі Давіда на дамах і актыўна спрыяла з'яўленню звязанага з гэтым грамадскага рэзанансу.
«Гэтая новая расійская аперацыя па лічбавым умяшанні ў справы Францыі кажа пра выбар апартуністычнай і безадказнай стратэгіі. Яе сутнасць — у выкарыстанні міжнародных крызісаў для стварэння напружанасці ў грамадскіх дэбатах у Францыі і Еўропе і распаўсюдзе сумятні», — сказана ў заяве французскага замежнапалітычнага ведамства.
Пасольства Расіі ў Францыі назвала абвінавачванні неабгрунтаванымі.
«Катэгарычна аспрэчваем абвінавачванні МЗС Францыі ў «расійскім лічбавым умяшанні», а менавіта ў масавым распаўсюдзе нібыта звязанай з Расіяй сеткай дэзінфармацыі фатаграфій будынкаў у Парыжы з нанесенымі на іх фарбай зоркамі Давіда», — сказана ў заяве, размешчанай у тэлеграм-канале пасольства.
З'яўленне зорак Давіда ў Парыжы выклікала асабліва гучны скандал на фоне вайны Ізраіля супраць ХАМАС і ўсплёску антысемітызму ў Еўропе, які рушыў за ёй, у тым ліку ў Францыі.
Калі і дзе з'явіліся графіці?
Першыя графіці з нанесенымі сіняй фарбай зоркамі Давіда — сімвалам габрэйскага народа і дзяржавы Ізраіль — з'явіліся ў адным з раёнаў Парыжа ў ноч на панядзелак 30 кастрычніка.
З тых часоў у французскай сталіцы і яе прыгарадах былі выяўленыя каля 250 такіх графіці.
Французскія палітыкі зрабілі выснову, што гэта антысеміцкая акцыя, паколькі яна нагадвала нанясенне зорак Давіда на габрэйскія дамы і ўстановы ў гады, калі пераследам габрэяў займаліся нацысты.
Аднак супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія расследуюць тое, што адбылося, не робяць гэткіх адназначных высноў.
Яны адзначаюць, што графіці з'явіліся на выбраных выпадковым чынам дамах, якія не мелі відавочных сувязяў з габрэямі.
Акрамя таго, яны ўяўляюць сабой сінія зоркі Давіда, якія таксама можна ўбачыць на ізраільскім сцягу, — і гэта выклікае новыя пытанні адносна матываў аўтараў акцыі.
Хтосьці нават можа назваць гэтую акцыю праізраільскай, паколькі антысеміты відавочна маглі б знайсці нейкі іншы спосаб выказаць сваю нянавісць да габрэяў, адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі Х'ю Скофілд.
Са слоў Скофілда, мэтай акцыі з графіці ў Парыжы магло быць распаўсюджванне ў грамадстве напружання і агульнай сумятні.
А той факт, што нанясенне зорак Давіда можна адначасова расцаніць як праізраільскую і антысеміцкую акцыю, робіць гэта яшчэ больш цікавым: такім чынам падазрэнні ўзнікнуць у абодвух бакоў.
Пры чым тут можа быць Расія
У сераду французская пракуратура заявіла, што да арганізацыі акцыі можа быць датычная расійская разведка. Праваахоўныя органы пры гэтым паведамілі, што ў нанясенні графіці падазраюць чатырох чалавек (дзве сямейныя пары) з Малдовы.
На аснове перахопленых тэлефонных размоў французскія следчыя лічаць, што гэтыя людзі дзейнічалі на аснове распараджэнняў, атрыманых ад аднаго чалавека. «На гэтым этапе мы не выключаем, што [графіці] наносіліся па прамых распараджэннях чалавека, які жыве за мяжой», — сказана ў заяве пракуратуры.
Як паведамляе газета Le Monde, за абедзвюма парамі, якія малявалі графіці, ішоў фатограф. Ён не толькі фатаграфаваў іх «працу», але адразу размяшчаў гэтыя здымкі ў інтэрнэце. Паводле звестак выдання, фатаграфіі затым распаўсюджвалі акаўнты, звязаныя з сеткай Doppelgänger.
Паліцыя паведамляе, што адна з пар была арыштаваная. Гэтыя людзі паведамілі паліцэйскім, што знаходзіліся ў Парыжы ў адпачынку, а наносіць графіці іх папрасіў невядомы, які па-руску звярнуўся да іх на вуліцы і прапанаваў за паслугі невялікую суму грошай.
Цяпер першая сямейная пара чакае дэпартацыі, а другая пакінула Францыю яшчэ да таго, як іх маглі затрымаць. Асоба фатографа (або фатографаў), які рабіў здымкі, застаецца невядомай.
Le Monde сцвярджае, што да арганізацыі акцыі можа быць датычны прарасійскі палітык і бізнэсовец з Малдовы Анатоль Прызенка. Апошні прымаў удзел у дзейнасці Партыі сацыялістаў Малдовы, якая выступае за больш цеснае супрацоўніцтва з Расіяй.
У інтэрв'ю газеце Libération чалавек, які прадставіўся як Прызенка, пацвердзіў, што ён сапраўды стаяў за нанясеннем графіці, і мэтай такіх дзеянняў было «выказванне падтрымкі габрэям Еўропы».
Сетка сайтаў-двайнікоў: што вядома пра сетку Doppelgänger і як яна звязаная з ГРУ
Як пацвердзілі французскія праваахоўныя органы, распаўсюджваннем фатаграфій з зоркамі Давіда ў Парыжы актыўна займалася прапагандысцкая сетка выданняў і акаўнтаў у сацсетках, вядомая як RRN або Doppelgänger.
У ліпені 2023 года Еўрапейскі Саюз паведаміў аб увядзенні санкцый супраць сямі расейскіх грамадзян і пяці кампаній, якія стаяць за структурай, якую чыноўнікі ЕЗ апісваюць як «інфармацыйную кампанію RRN».
Адно з яе выданняў пад назвай «Інфарос» у паведамленні Еўрапейскай камісіі называюць «цесна звязаным з расійскім ГРУ».
Па дадзеных праекта EU Disinfo, які адсочвае дэзынфармацыю ў інтэрнэце, сетка Doppelgänger пачала працаваць у еўрапейскіх краінах у маі 2022 года. Яна стварае клоны аўтарытэтных выданняў, у тым ліку нямецкай газеты Bild, брытанскай Guardian і ўкраінскага «РБК-Украіна» і размяшчае ў іх фэйкавыя навіны, відэаролікі і апытанні.
Матэрыялы, якія публікуюцца ў сетцы, адпавядаюць крамлёўскім наратывам пра вайну ва Украіне, напрыклад, адмаўляюць масавае забойства людзей расейскімі вайскоўцамі ў Бучы, адзначаюць аўтары дакладу EU Disinfo.
У чэрвені гэтага года Le Monde апублікавала цэлую серыю артыкулаў пра дзейнасць сеткі Doppelgänger, якая выкарыстоўвае для распаўсюджвання дэзынфармацыі ў сацсетках камп'ютарныя боты.
Le Monde сцвярджае са спасылкай на крыніцы сярод следчых у справе аб зорках Давіда, што почырк арганізатараў і выканаўцаў акцыі вельмі нагадвае дзеянні расійскай разведкі.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне яна пазбавілася многіх каштоўных супрацоўнікаў, высланых з заходніх краін, і цяпер вымушана спадзявацца на паслугі нізкааплатных «фрылансераў».