Ціханоўская заклікала міністра замежных спраў Чэхіі зрабіць выключэнні для беларусаў па візах
Беларуская лідарка сустрэлася з міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім у Вільні.
10.11.2023 / 13:29
На лацкане пінжака Яна Ліпаўскага — брошка-булаўка ў выглядзе кветкі мака — сімвал памяці ахвяр узброеных канфліктаў, у гэтым выпадку ў Першай сусветнай, які будзе адзначацца заўтра. Такімі брошкамі-булаўкамі ўпрыгожваюць сваё адзенне ў Еўропе ў пачатку лістапада.
Святлана Ціханоўская падзякавала міністэрству замежных справаў Чэхіі за візавую праграму «Грамадзянская супольнасць» і дапамогу былым палітвязням, паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.
Некалькі беларусаў атрымалі міжнародную абарону і ўрадавыя стыпендыі. Міністр Ліпаўскі распавёў, што на 2024-2025 год выдзелена яшчэ пяць урадавых стыпендый для беларусаў у Чэхіі.
Падчас дыялогу Ціханоўская заклікала зрабіць выключэнні з візавых абмежаванняў для ўсіх студэнтаў з Беларусі, а таксама для блізкіх сваякоў тых, хто не можа паехаць у Беларусь, каб яны маглі сустрэцца найбліжэйшым часам у Чэхіі.
Таксама беларуская лідарка падняла пытанне аўтаматызацыі працэсу выдачы праязных дакументаў і пашпартоў замежніка. Яна прапанавала чэшскаму боку падрыхтаваць адмысловую інструкцыю, якая б дапамагла беларусам, што не могуць атрымаць новы пашпарт.