У Іраку археолагі раскапалі старажытную статую
Міфалагічную істоту асірійскага перыяду, вырабленую з кальцыту 2700 гадоў таму, знайшлі ў старажытным горадзе Дур-Шарукіне (цяпер Харсабад) на поўначы Ірака. Галава скульптуры, скрадзеная дзесяцігоддзі таму кантрабандыстам, стала адным з сімвалаў трагічнага лёсу культурнай спадчыны ў рэгіёне.
10.11.2023 / 19:55
Скульптура шэду, раскрытая на руінах горада Дур-Шарукін. Фота: Іракскай дзяржаўнай рады па старажытнасцях і культурнай спадчыне
Дур-Шарукін будаваўся ў апошнія гады кіравання асірыйскага цара Саргана II з 713 па 707 гады да н. э., ён меў стаць новай сталіцай імперыі. Аднак у адным з бясконцых ваенных паходаў цара забілі, і будаўніцтва ягонай рэзідэнцыі замарозілася. Ягоны сын перанёс сталіцу ў Ніневію. А ў VII стагоддзя да н. э. горад быў канчаткова разбураны мідыйскімі войскамі.
Горад-рэзідэнцыя Саргана II быў абнесены магутнай сцяной з 8 брамамі. Статуі шэду (ламасу), грозных і пагардлівых крылатых быкоў з напышлівымі чалавечымі тварамі, стаялі на варце каля брам і мелі магічную засцерагальную функцыю. Пяць ног крылатай пачвары стваралі ілюзію руху: у залежнасці ад становішча гледача, той бачыў у анфас, што яна нерухома стаіць, або ў профіль, што шэду ідзе.
Даследчыкі даўно ведалі пра існаванне гэтай скульптуры. Яна ўпершыню згадваецца ў запісах раскопак XIX стагоддзя, калі французамі былі знойдзены некалькі аналагічных скульптур, якія былі вывезены ў Еўропу. Каменныя пачвары з палаца Саргана II, кожная з якіх важыць 21 тону, захоўваюцца сёння ў Луўры і ў Брытанскім музеі.
Брама № 6 у Дур-Шарукіне, дзе была выяўленая скульптура шэду.
Але пра скульптуру, якая засталася ў іракскіх пясках, ніякіх звестак не было, пакуль у 1990 гадах іракскія ўлады наноў не адкрылі яе. Комплекс брамы (№ 6 на плане), якая размяшчалася з паўднёва-заходняга боку крэпасці, пачалі даследаваць яшчэ ў 1992 годзе. Сярод іншага, была выяўленая велізарная статуя крылатага быка з чалавечай галавой. Неўзабаве, аднак, з-за нестабільнай сітуацыі ў краіне работы давялося спыніць, а помнікі зноў закапалі, каб зберагчы.
Сёння Дур-Шарукін ізноў капаюць французскія і іракскія археолагі. Археолаг Паскаль Батэрлін з Універсітэта Парыж I Пантэон-Сарбона адзначыў, што ніколі раней у жыцці не адкопваў нічога такога вялікага. Скульптура мае памеры прыкладна 3,8 на 3,9 метра і важыць каля 18 тон.
Галава шэду, спілаваная і разбітая кантрабандыстамі, у Нацыянальным музеі Ірака. Фота: Wikimedia Commons
Уражвае і захаванасць старажытнай скульптуры за адзіным выключэннем — адсутнічае галава. Яе спілавалі кантрабандысты праз некалькі гадоў пасля выяўлення ў 1990-я гады. Каб вывезці яе з краіны, злодзеі разбілі яе на кавалкі. На шчасце, галава была выратавана ад вывазу з краіны і сёння яна выстаўлена ў Нацыянальным музеі Ірака.
Улады перапахавалі рэшткі статуі, каб абараніць яе ад рабавання і нападаў. У 2010-х гадах мясцовыя жыхары дапамагалі абараняць скульптуру ад «Ісламскай дзяржавы», якая бязлітасна вынішчала любыя старажытнасці, тым больш язычніцкіх ідалаў, да якіх магла дацягнуцца. Па паведамленнях мясцовых жыхароў, 8 сакавіка 2015 года ісламскія баевікі часткова разрабавалі, часткова знішчылі руіны горада.
Скульптуры крылатых быкоў з чалавечымі тварамі, вывезеныя французамі з Дур-Шарукіна ў сярэдзіне XIX стагоддзя, у экспазіцыі парыжскага Луўра. Фота: Wikimedia Commons
Цяпер, калі скульптура зноў раскрытая, навукоўцы не пакідаюць надзеі вярнуць галаву на спрадвечнае месца, хоць кантрабандыстамі ў свой час была моцна пашкоджана шыя міфічнай істоты.
Чытайце таксама: