«Чалавек, які вядзе справу, — мой аднакласнік». Онліфаншчыцу з Бераставіцкага раёна не затрымалі, яна дала інтэрвʼю
Учора беларуская міліцыя паведаміла пра «мадэль са сваёй перасоўнай порнастудыяй» з Бераставіцкага раёна і што супраць дзяўчыны распачатая крымінальная справа. Інфармацыя выклікала вялікі рэзананс. Аказалася, што дзяўчына — вэбкам-мадэль, вядомая пад нікам LoLi Bela. Яна пагадзілася пагаварыць з ютуб-каналам ЛенТВ24.
11.11.2023 / 00:41
Яна распавяла, што пра крымінальную справу ёй паведамілі яе падпісчыкі.
— Шмат хто падтрымліваў, пісалі, прапаноўвалі супрацоўніцтва. Таксама былі і каментары негатыўныя, накшталт, як я магла асмеліцца такое зрабіць. Мне ўсё роўна, я іх не ўспрымаю ўсурʼёз, таму што… ну, хай гэтыя людзі проста возьмуць і пакажуць свой браўзэр, што яны там глядзяць, а потым кагосьці абмяркоўваюць, — сказала Лолі.
Яна кажа, што «голых» здымкаў у яе канале няма.
— У мяне там няма парнаграфіі. У мяне там фатаграфіі ў бялізне, у купальніку, у моры. Я люблю купляць камплекты прыгожай бялізны і дэманстраваць. Голага ў мяне наогул нічога там няма.
Вядоўца спытаў, чаму менавіта яе ўзялі ў распрацоўку.
— Мне здаецца, хтосьці сачыў за мной, я — папулярны блогер. Хтосьці сачыў за мной і неяк даведаўся, што я знаходжуся ў Беларусі.
Гэты чалавек, які вядзе справу, ён па факце мне лічыцца аднакласнікам. І было вельмі дзіўна… Калі я была ў пастарунку, ён не здзівіўся.
Вядоўца спытаў, чаму так, яны не сябравалі ў школе або нейкае непадзеленае каханне?
— Я была ў яго на вяселлі. Можа яму падарунак мой не спадабаўся, — пажартавала Лолі.
Яна распавядае, што гэтыя здымкі яна пачала рабіць у 2020 годзе. Тады яна ўжо не жыла ў Беларусі.
Прыехала дадому 10 мая, і яе затрымалі. Прывялі ў міліцыю, потым — у кватэру. У пратаколе, які напісалі міліцыянты, яна дадала, што не жыве ў Беларусі з 2020 года і ўсе здымкі рабіла па-за межамі краіны.
Цяпер дзяўчына ў Дубаі, хутка ляціць у Ірландыю.
Учора супрацоўнікі МУС распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што яны выявілі ў Бераставіцкім раёне порнастудыю. 24-гадовая дзяўчына, паводле іх, здымала там парнаграфію і зарабіла на гэтым за тры гады 70 тысяч даляраў. Заведзеная крымінальная справа, дзяўчыне пагражае да чатырох гадоў зняволення.
На нашым сайце інфармацыя таксама выклікала шмат каментароў, самым папулярным стаў такі: «Саджаць за тое, што ў цывілізаваных краінах лічыцца нормай…. А хто пацярпелы? Мент з мазалямі на руках?»