Былы генеральны сакратар NATO прапануе прыняць Украіну ў вайсковы альянс, але без акупаваных тэрыторый

Андэрс Фог Расмусэн тлумачыць, чаму бачыць гэта аптымальным рашэннем.

11.11.2023 / 22:23

Фота: Andrzej Iwanczuk / NurPhoto via Getty Images

Андэрс Фог Расмусэн быў генеральным сакратаром NATO з 2009 да 2014 года. Ён мяркуе, што пытанне аб уступленні Украіны ў NATO не можа быць зноў адкладзенае на наступны год, піша The Guardian.

«Прыйшоў час зрабіць наступны крок і накіраваць запрашэнне Украіне ўступіць у NATO. Нам патрэбная новая архітэктура еўрапейскай бяспекі, у якой Украіна знаходзіцца ў самым сэрцы NATO».

Прыхільнікаў сяброўства Украіны ў NATO стрымлівае тое, што распаўсюд артыкула 5 дамовы Альянсу аб калектыўнай самаабароне на ўсю ўкраінскую тэрыторыі абавяжа краіны-чальцы NATO стаць на актыўную абарону краіны, якая знаходзіцца ў вайне.

Расмусэн мяркуе, што выключэнне з дзеяння дамовы NATO тэрыторый, якія акупаваны Расіяй, паменшыла б пагрозу канфлікту паміж Расіяй і NATO.

Былы генсак не лічыць, што гэты крок прывядзе да замарожвання канфлікту.

«Абсалютная дакладнасць гарантый паводле артыкула 5 утрымала б Расію ад нарошчвання нападаў унутры ўкраінскай тэрыторыі ўнутры NATO і, такім чынам, вызваліла б украінскія сілы для адпраўкі на перадавую».

«Каб зрабіць артыкул 5 пераканаўчым, неабходна даць Расіі выразны сігнал аб тым, што любое парушэнне тэрыторыі NATO будзе сустрэтае адказам», — дадаў Расмусэн.

Ён сказаў, што недакладны прэцэдэнт існаваў, калі Заходняя Германія далучылася да Паўночнаатлантычнага саюза ў 1955 годзе, і артыкул 5 ахопліваў яе тэрыторыю, але не тэрыторыю Усходняй Германіі.

Расмусэн выклаў тры асноўныя прычыны, па якіх Украіне было прапанавана сяброўства.

Па-першае, Украіна ўнутры NATO выступала б у якасці апірышча супраць усё яшчэ агрэсіўнай Расіі. Па-другое, шэрыя зоны небяспечныя, а нейтралітэту ў старым разуменні гэтага слова больш не існуе. «Шэрыя зоны становяцца спакусай для Пуціна атакаваць», — адзначыў ён. Па-трэцяе, украінская армія, лічыць ён, цяпер самая загартаваная у баях армія ў Еўропе і будзе каштоўным актывам і прыкладам для іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Nashaniva.com